Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 20 Май 2019

Яраслаў Іванюк расказаў у Віцебску пра інтэрнэт-бібліятэку “Камунікат”

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Яраслаў Іванюк у Віцебску Яраслаў Іванюк у Віцебску

Праект беларускай бібліятэкі “Камунікат” ажыцьцяўляецца ўжо цягам 19 гадоў. Спачатку стараньнямі некалькіх энтузіястаў, а цяпер – “Беларускім гістарычным таварыствам” Беластоку. На “Камунікаце” сабрана сёньня амаль 40 тысяч беларускіх публікацыяў.

Як патлумачыў у Віцебску стваральнік і адміністратар інтэрнэт-бібліятэкі Яраслаў Іванюк, рэсурс мае падтрымку Міністэрства замежных справаў Польшчы. Атрыманы грант дазволіў стварыць добрае электроннае забесьпячэньне, найперш – замяніць стары рухавік. І цяпер, па яго словах, рэсурс працуе амаль беззаганна.

“На гэты момант я з упэўненасьцю магу сказаць, што інтэрнэт-рэсурс Kamunikat.org  – найбольшая электронная беларуская бібліятэка. І ня трэба зьдзіўляцца, што ствараецца яна ў Польшчы, бо там таксама жывуць беларусы, –  зазначыў кіраўнік праекту.

Віцябляне на "Камунікаце"

Выступаючы перад віцяблянамі, спадар Яраслаў паказаў, як зручней карыстацца інтэрнэт-бібліятэкай. У ёй працуе пошукавая сыстэма, а ўсе матэрыялы падзеленыя на разьдзелы. У разьдзеле “Кнігі”, да прыкладу, сабрана амаль 8 тыс. беларускіх кніжак. І гэта ня толькі кнігі, якія выходзяць цяпер, але і друкаваныя, выдадзеныя ў дакампутарную эпоху. У сваю чаргу, разьдзел «Кнігі» падзелены на катэгорыі “Мастацкая літаратура”, “Філязофія”, “Біяграфіі”... Усё – як у традыцыйнай бібліятэцы.

Беларуская пэрыёдыка прадстаўленая трыма сотнямі найменьняў. Ёсьць газэты, якія выходзілі ў беларускай эміграцыі, выдаваліся нацыянальнымі меншасьцямі Польшчы і Літвы. Ёсьць нумары “Нашай Нівы”, “Свабоды”, “Пагоні”.

Як адзначыў Яраслаў Іванюк, адлічбоўваць газэты значна цяжэй, чым кнігі, але такая праца робіцца.

Ёсьць на “Камунікаце” і кнігі аўтараў зь Віцебшчыны. Так Яраслаў Іванюк адшукаў у бібліятэцы кнігу прысутнага на сустрэчы бешанковіцкага паэта і барда Георгія Станкевіча, адзначыўшы яго і як рэдактара рэгіянальнай газэты “Крывінка”, нумары якой таксама захоўваюцца на рэсурсе.

Іванюк: Камунікат” –  гэта маё дзіця...

Важным момантам у працы стваральнікаў рэсурсу зьяўляецца захаваньне аўтарскага права.

“Калі казаць пра аўтарскае права, мы хочам, каб усё было згодна з заканадаўствам Польшчы і Эўразьвязу. Калі толькі пачыналі, прасіць дазвол на публікацыю ў беларускіх аўтараў было проста: бяры, ніякіх грошай не патрэбна, але падпісвацца ня будзем. Пісьменьнікі старэйшага пакаленьня нават ня мелі такой сьвядомасьці, каб усё адбывалася легальна . Цяпер мала хто адмаўляецца і заключае з намі ліцэнзійную дамову, хаця зрэдку здараецца,  – кажа выступоўца.

Падкрэсьліваючы важнасьць сваёй колішняй задумы пра стварэньне беларускай электроннай бібліятэкі, Яраслаў Іванюк распавёў гісторыю пра тое, як усё пачыналася.

“Камунікат” –  гэта маё дзіця. І яму столькі гадоў, колькі майму сыну. Мая жонка навучыла мяне рабіць сайт, калі была цяжарная нашым сынам. Яна тады мела шмат часу і мяне, гуманітарыя, пачала вучыць, як гэта рабіць. І першы варыянт сайту я зрабіў сам”, – расказаў Іванюк.

Дарэчы, усе матэрыялы на «Камунікаце» знаходзяцца ў вольным доступе.

С. Горкі, фота аўтара