Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 04 Красавік 2019

“Шалом, Ізраіль”. Як у Віцебску прайшоў габрэйскі фэстываль

Ацаніць гэты матэрыял
(20 галасоў)

У межах 25-га Міжнароднага фэстывалю “Пурымшпіль” ў тэатры Якуба Коласа прайшоў маштабны кірмаш “Шалом, Ізраіль”, на якім былі прадстаўлены шматлікія магчымасьці гэтай дзяржавы.

Гасьцямі і ўдзельнікамі кірмашу сталі сотні людзей з розных рэгіёнаў Беларусі, а таксама з Ізраілю, Расеі ды іншых краінаў.

На цырымоніі адкрыцьця з афіцыйнымі прывітаньнямі выступілі прадстаўнікі амбасады Ізраілю і розных грамадзкіх арганізацыяў.

Шматлікія імпрэзы ладзіліся адразу на трох паверхах. На першым выступалі артысты, удзельнікі кірмашу і афіцыйныя прадстаўнікі, на другім – праходзілі майстар-клясы і лекцыі, а на трэцім былі арганізаваныя кансультацыі ізраільскіх экспэртаў у розных пытаньнях.

 

Наведвальнікі маглі атрымаць інфармацыю пра тое, як працуюць дзяржаўныя органы Ізраілю, як наладжана сацыяльнае забесьпячэньне пэнсіянэраў, ці можна ўзяць крэдыт на куплю нерухомасьці ды многія іншыя.

Непрацяглыя 20-30-хвілінныя лекцыі былі прысьвечаныя вышэйшай адукацыі Ізраілю, сыстэме аховы здароўя, дашкольнай адукацыі, рынку працы і г.д.

Дарэчы, трапіць на гэтыя імпрэзы было ня так ужо і проста. На пачатку трэба было прайсьці даволі складаную рэгістрацыю на афіцыйным сайце, адправіць электронны подпіс, і толькі тады табе дасылалі пароль. З атрыманым паролем і пашпартам можна было ўжо трапіць на кірмаш. Але на ўваходзе ўсе наведнікі праходзілі праз мэталічныя рамкі, а пасьля іх старанна абшуквалі.

Арганізатарам кірмашу “Шалом, Ізраіль” выступіла яўрэйскае агенцтва для Ізраілю “Сахнут”.

Уладзімер Бяляўскі