Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 22 Сакавік 2019

“Зусім амаральны чалавек”. Віктар Каліна ў Віцебску ня выступіць?..

Ацаніць гэты матэрыял
(13 галасоў)
Віктар Каліна са сьцягам ДНР. Фота: kalina-shanson.com. Віктар Каліна са сьцягам ДНР. Фота: kalina-shanson.com.

“Канцэрт Віктара Каліны ў залі філярмоніі на сёлета не заплянаваны”, – такі адказ з Віцебскай абласной філярмоніі атрымала на свой электронны зварот актывістка БХД Тацяна Севярынец. Ці выступіць Каліна на якой іншай пляцоўцы ў Віцебску, пакуль невядома.

Электронны зварот Тацяна Севярынец накіроўвала раней ў абласную філярмонію і ўпраўленьне культуры Віцебскага аблвыканкаму.

“Калі ласка, не давайце сваю пляцоўку чалавеку, які не надасьць сапраўднай каштоўнасьці ні слухачам, ні філярмоніі, выступ якога бруднай плямай ляжа на ўстанову, бо гэта зусім амаральны чалавек”, – заклікала Севярынец.  

Паводле Тацяны Севярынец, пра тое, што Каліна атрымаў дазвол выступіць у Віцебску, яна даведалася ад начальніка упраўленьня культуры Віцебскага аблвыканкаму  Пятра Падгурскага.

“Дазвол далі. У яго з дакумэнтамі ўсё ў парадку. Міністэрства культуры дало дабро. Як я магу запярэчыць? Я ня бачу перашкодаў”, – сказаў Падгурскі.

Але 22 сакавіка актывістка атрымала адказ з абласной філярмоніі. Дырэктарка ўстановы Алена Падаляк паведамляе, што “плян канцэртаў ужо зьвярстаны” і што “канцэрт Віктара Каліны ў залі філярмоніі на сёлета не заплянаваны”.

Ці выступіць Каліна на якой іншай пляцоўцы ў Віцебску, удакладніць пакуль не ўдалося.     

Адзначым, што на сайце Petitions.by супраць канцэрту Віктара Каліны выступілі жыхары Вілейкі. Пад зваротам да ўладаў з просьбай забараіць канцэрт шансанье ў горадзе падпісаліся каля 1400 чалавек.

У 2017 годзе віцябляне таксама дамагаліся забароны канцэрту Каліны ў Віцебску. Дайшлі да пракуратуры. Але перашкодзіць выступу не атрымалася – канцэрт у філярмоніі не адмянілі.

Што пісаў Віктар Каліна ў сацсетках летась

Тацяна Севярынец паведаміла таксама, што запісалася на прыём да кіраўніка аблвыканкаму Мікалая Шарстнёва. Хоча паразмаўляць і пра меркаваны канцэрт, і пра магчымасьць перайменаваць абласную бібліятэку імя Леніна.

С. Горкі