Друкаваць гэтую старонку
Нядзеля, 10 Люты 2019

Кіраўнікі Ўнівэрсытэту Ніла Гілевіча сустрэліся зь віцебскай грамадзкасьцю

Ацаніць гэты матэрыял
(19 галасоў)
Алег Трусаў, Павал Церашковіч Алег Трусаў, Павал Церашковіч

6 лютага ў віцебскім арт-пабе «Торвальд» адбылася сустрэча рэктара Ўнівэрсытэту імя Ніла Гілевіча Алега Трусава і прарэктара Паўла Церашковіча зь мясцовай грамадзкасьцю. Гаворка ішла пра стварэньне першага цалкам беларускамоўнага ўнівэрсытэту і выдавецкія навінкі.

Перад пачаткам сустрэчы вядоўца курсаў «Мова нанова Віцебск» Тацяна Дубоўская паведаміла, што сустрэча адбылася дзякуючы загадчыку катэдры гісторыі Беларусі ВДУ, дацэнту Анатолю Дулаву. Менавіта ён і прадставіў менскіх гасьцей віцебскай публіцы.

На пачатку свайго выступу гісторык Алег Трусаў павіншаваў віцебчукоў з пачаткам чарговай хвалі беларускага адраджэньня. Хваля васьмідзясятых – пачатку дзевяностых доўжылася да 1995 году, пасьля пачаўся адкат. Але, паводле спадара Трусава, апошнія пяць-сем гадоў назіраецца новы пад'ём беларушчыны, значна мацнейшы, чым быў у ранейшы пэрыяд. Беларускі караван ідзе сваім шляхам, не зважаючы ні на што.

Нагадаў выступоўца і пра сёлетні трыццацігадовы юбілей ТБМ. Сярод дасягненьняў арганізацыі яе колішні кіраўнік назваў наяўнасьць шасьці тысячаў сяброў і прадстаўніцтва ў парлямэнце дэпутаткі Алены Анісім, цяперашняй кіраўнічкі арганізацыі. ТБМ мае дзьве газэты – «Новы Час» і «Наша Слова», часопіс «Верасень» і шэраг іншых выданьняў.

Алег Трусаў паведаміў, што летась 15 сакавіка быў зарэгістраваны Ўнівэрсытэт імя Ніла Гілевіча, які журналісты ахрысьцілі нацыянальным, хаця такога слова ў назве няма. У верасьні ўнівэрсытэт распачаў сваю працу. Дзейнасьць пачалася з падрыхтоўчых курсаў, на якіх цяпер больш за 70 школьнікаў вывучаюць фізыку, хімію, матэматыку, беларускую, польскую, ангельскую, нямецкую мовы ды гісторыю Беларусі. Шпаркай хадой ідзе падрыхтоўчая праца для атрыманьня ліцэнзіі.

Найгалоўнейшай мэтай унівэрсытэту спадар Трусаў назваў падрыхтоўку нацыянальнай эліты. Кошт навучаньня ў ВНУ складзе тысячу даляраў на год, і гэта самая нізкая сума на цяперашні час у краіне.

Далей Алег Трусаў прэзэнтаваў кнігу «Гісторыя Расеі ад Сярэднявечча да сучаснасьці», напісаную ў суаўтарстве зь Лявонам Баршчэўскім і Аляксеем Хадыкам. Выступоўца патлумачыў:

– Задума кнігі палягала ў тым, каб беларусы прачыталі пра гісторыю суседняй краіны зь беларускага гледзішча. Існуе шмат гісторыяў Расеі. Найперш, гэта кнігі, напісаныя ў самой Расеі. Шмат кніг выдадзеныя на ангельскай мове, на нямецкай, на польскай, нават на грэцкай. А на беларускай, каб ад пачатку да канца, не было. Вырашылі запоўніць гэтую лякуну. Кніга каштоўная яшчэ і тым, што пасьля кожнага разьдзелу друкуюцца першакрыніцы.

Гісторыю Расеі мы падаём ад сёмага-восьмага стагодзьдзя, да чарговага абраньня Пуціна прэзыдэнтам Расеі ў 2018 годзе. Пры тым аўтары імкнуліся пісаць аб'ектыўна, выказвалі думкі розных гісторыкаў.

Этноляг і культуроляг Павал Церашковіч пачаў с таго, што патлумачыў прычыны стварэньня беларускамоўнага ўнівэрсытэту. Першай прычынай, якая заахвоціла да дзеяньня, ён назваў наяўнасьць у краіне 13,5 адсоткаў беларускіх школак. Стваральнікі ВНУ палічылі лягічным, што іх выпускнікі займеюць магчымасьць працягнуць навучаньне па-беларуску. Несправядлівым лічаць заснавальнікі ўнівэрсытэту тое, што цалкам беларускамоўную адукацыю у Беларусі дасюль атрымаць было немагчыма. І гэтую хібу яны вырашылі выправіць.

Па-другое, той факт, што ў глябалізаванай Эўропе ніхто не адмаўляецца ад сваёй мовы, кажа сам за сябе. Нават 350 тысячаў ісьляндцаў трымаюцца сваёй мовы і маюць два ўнівэрсытэты, паводле рэйтынгаў вышэйшыя за Маскоўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт. Ня кажучы ўжо пра фарэрцаў (56 тысячаў), якія таксама маюць унівэрсытэт на роднай мове. І толькі 4 краіны Эўропы застаюцца бэз вышэйшай адукацыі на сваёй мове: Ірляндыя, Мальта, зь нейкімі выключэньнямі Кіпр (грэцкі) і Беларусь. Анамальная сытуацыя ва ўсіх гэтых краінах выкліканая каляніяльнай мінуўшчынай, ад якога неабходна пазбаўляцца.

– Мы ствараем унівэрсытэт, але нам не хацелася б, каб гэта быў яшчэ адзін БДУ. Мы хочам стварыць унівэрсытэт 21 стагодзьдзя, арыентаваны ў будучыню. Усе нашыя студэнты, незалежна ад факультэту, будуць вывучаць дзьве замежныя мовы. Бяз гэтага існаваць у сёньняшнім глябалізаваным сьвеце немагчыма. Таксама для кожнага студэнта будзе прапанавана скончыць курс «Асновы прадпрымальніцтва». Гэта будуць курсы па маркетынгу, па кіраваньні пэрсаналам, па асновах фінансаў, па бюджэце і г.д. Патрэба ў такім навучаньні дыктуецца істотнымі зьменамі на рынку працы. Той, хто ня здолее самастойна стварыць месца працы для сябе і для іншых, папросту ня выжыве. Пра гэта я пішу ў сваёй кнізе «Глябальныя праблемы чалавецтва», – адзначыў спадар Церашковіч.

Найбліжэйшым часам студэнтам будзе прапанавана некалькі спэцыяльнасьцяў. Так, «Кіраваньне культурнай спадчынай» засяродзіцца на падрыхтоўцы мэнэджэраў, якія будуць ставіцца да культурнай спадчыны як да эканамічнага рэсурсу. Такі падыход дасьць магчымасьць ствараць працоўныя месцы і разьвіваць індустрыю культурнай і гістарычнай спадчыны.

Плянуецца адкрыцьцё дзьвюх праграмаў: «Германістыка. Нямецкая мова» і «Паляныстыка. Польская мова». Такіх спэцыялістаў у краіне пакуль нідзе не рыхтуюць. У пэрспэктыве ёсьць задума рыхтаваць адмыслоўцаў па ўсіх краінах, якія мяжуюць зь Беларусьсю. Дзіўна, але ў краіне дасюль няма і амэрыканістаў.

Выпускнікі сынтэтычнай дысцыпліны «Літаратурная праца. Творчасьць. Мастацкі пераклад» змогуць працаваць журналістамі, перакладчыкамі і літаратарамі.

Унівэрсытэт будзе рыхтаваць і кампутаршчыкаў у накірунку кампутарызаваных гуманітарных навук, якія будуць добра ведаць, што такое культура і грамадзтва.

Далей Павал Церашковіч распавёў пра свае кнігі «Глябальныя праблемы чалавецтва» і «Культурная геаграфія» ды адказаў на пытаньні прысутных.

С. Горкі