Друкаваць гэтую старонку
Субота, 27 Кастрычнік 2018

Віцебчукам прэзэнтавалі дэбютны зборнік Алеся Замкоўскага

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Алесь Замкоўскі Алесь Замкоўскі

У Віцебскай абласной бібліятэцы прайшла прэзэнтацыя зборніка вершаў паэта Алеся Замкоўскага «Наступны прыпынак». На сустрэчу сабралася шмат студэнтаў і выкладчыкаў Віцебскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, а таксама артысты і супрацоўнікі тэатру Якуба Коласа, дзе аўтар працуе кіраўніком літаратурна-драматычнай часткі.

Для яе аўтара, маладога віцебскага паэта, гэта дэбютная кніга. Хаця сам ён лічыць яе ня першай. А першая была, паводле яго словаў, зробленая ў недрукаваным выглядзе і прысьвячалася жонцы Вользе. «Наступны прыпынак» стаў вынікам 15-гадовай творчасьці. Як сам сказаў Алесь: «Для мяне гэтая кніжка – мінулае. Гэта пятнаццаць гадоў маёй творчасьці ў канцэнтраваным выглядзе».

Зборнік выйшаў сёлета ў выдавецтве «Кнігазбор» у сэрыі «Кнігарня пісьменьніка». Як напісана ў анатацыі да кнігі: «Дэбютны зборнік вершаў Алеся Замкоўскага – гэта лірычны відарыс узьнёслых вандровак неспакойнай душы аўтара ў сьвеце пачуцьцяў, роздумаў, трызьненьняў і мар. Сонца, неба, зоры, вада, вясна, восень, зіма, дзень і ноч, анёлы, каханая – яго галоўныя спадарожнікі на абраным паэтычным шляху».

Кніга складаецца з чатырох частак: «У Залатым акне», «Скрозь бездань сну», «Хайку», «Між глухіх сьцяжын». Вершы з кожнага разьдзелу зборніка аб'ядноўвае свая канкрэтная тэма. Так, першая частка прысьвечана каханьню.

На працягу амаль двух гадзін, што ішла сустрэча, аўтар дзяліўся сваімі пачуцьцямі і перажываньнямі са слухачамі. Са сцэны было сказана шмат цёплых слоў яго аднакурсьнікамі і выкладчыкамі. Многія даслалі віншаваньні ў выглядзе відэапасланьня. Але самае галоўнае, дзеля чаго і сабралася публіка, – гэта, вядома, вершы. Як жа бязь іх? Алесь на працягу ўсёй прэзэнтацыі чытаў іх з задавальненьнем і натхненьнем.

Трэба сказаць, што Алесь зьяўляецца ляўрэатам першага конкурсу маладых пісьменьнікаў «Эксьлібрыс» за 2012 год, які ладзіцца Беларускім саюзам пісьменьнікаў, а таксама фіналістам фэстывалю аўтарскай песьні і паэзіі «Віцебскі Лістапад» за 2017 год.

Ужо бліжэй да канца сустрэчы Алесь сказаў, што ён ня спыніць сваю творчую дзейнасьць, а будзе і надалей тварыць. І што «цяпер, канечне, пасьля такіх віншаваньняў як можна не пісаць? Потым не пацьвердзіць гэта. Вы прымушаеце мяне пісаць далей. Вы проста фактычна мне ставіце ўмовы: ці пішы, ці ўсё гэта было дарма. І я думаю, сапраўды трэба пісаць».

Уладзімер Бяляўскі