Друкаваць гэтую старонку
Субота, 15 Верасень 2018

Тэатар “Лялька” пакажа ў новым сэзоне яшчэ адзін спэктакаль пра Марка Шагала

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Падчас фэсту "Лялечны квартал-2018". Фота: lialka.by Падчас фэсту "Лялечны квартал-2018". Фота: lialka.by

Прэм’ера спэктаклю “Шагал. Вяртаньне ў Віцебск” у Беларускім тэатры “Лялька” адбудзецца ў лютым 2019 году. Новы, трыццаць другі, тэатральны сэзон таксама пачнецца зь цікавай прэм’еры. Пра гэта паведаміў падчас прэс-канфэрэнцыі мастацкі кіраўнік тэатру Віктар Клімчук.

Ён нагадаў, што ў рэпэртуары “Лялькі” ўжо ёсьць шагалаўскі спэктакаль – “Шагал. Зыход”. Але ён вулічны: граецца толькі ўначы і пад адкрытым небам, а акторы працуюць на дыбах. Новы спэктакаль “Шагал. Вяртаньне ў Віцебск” будзе клясычным – зь лялькамі, жывымі акторамі, праекцыямі і г.д. Папярэдне, ролю Шагала ў пастаноўцы выканае Юрась Франкоў.

“Ікона – не Шагал. Ікона – даляры…”

Рэжысэрам новага спэктаклю пра Шагала выступае сам Віктар Клімчук, а вось мастака шукалі цягам амаль трох гадоў. У выніку наладзілі плённае супрацоўніцтва з расейскай мастачкай Зоф’яй Шахноўскай.

Як расказаў Віктар Клімчук, пастаноўка робіцца паводле аўтабіяграфічнай кніжцы Марка Шагала “Маё жыцьцё”.

  Эпізод са спэктаклю "Шагал. Зыход". Фота:  lialka.by

“Гэта было маёй марай – паставіць спэктакаль пра Шагала. І, калі прачытаў кніжку, зразумеў, што гэтую мару трэба нарэшце зьдзейсьніць… Усе кажуць: “Шагал, Шагал!”. Але ж трэба адкрыць нешта сваё. Трэба даць, каб бачылі звычайныя людзі. Ня думаю, што ўсе зь іх чыталі гэтую кніжку. І мяркую, яны прыйдуць на новы спэктакаль”, – кажа мастацкі кіраўнік тэатру.

І ў той жа час наракае: “Але зараз цяжкія часы, няўдзячныя. Ікона – не Шагал. Іконай зрабіліся даляры ды рублі. Гэтаму зараз пакланяюцца людзі. Таму зь людзьмі бывае цяжка гаварыць, бо гаворым на розных мовах…”

Плянуецца, што ў сярэдзіне студзеня 2019 году, перад пачаткам рэпэтыцый новай пастаноўкі, у тэатры “Лялька” адбудзецца адкрытая сустрэча з дасьледчыкамі жыцьця і творчасьці Марка Шагала – Аркадзем Падліпскім, Аляксандрам Лісавым і вядомым беларускім пісьменьнікам Віктарам Марціновічам (“Мова”, “Параноя” і г.д.).

Адкрыцьцё сэзону – 30 верасьня. Ёсьць таямніцы…

Як паведаміў на прэс-канфэрэнцыі дырэктар Беларускага тэатру “Лялька” Аляксандар Грыгор’еў, новы сэзон у “Ляльцы” адкрыецца ўжо 30 верасьня. Дзетак чакае прэм’ера спэктаклю “Казка пра казку”, а дарослых – спэктакаль “Спакуса, або Чорны манах”.

Эпізод з пастаноўкі "Казка пра казку". Фота: lialka.by

Пастаноўку “Казка пра казку” ў тэатры называюць знакавай, яе ажыцьцявілі рэжысэр Міхась Клімчук і мастачка Зоф’я Шахноўская паводле твораў вядомай беларускай мастачкі Ганны Сілівончык.

Чакаецца ў новым сэзоне і яшчэ адна прэм’ера, але ў тэатры кажуць пра яе як пра таямніцу і сакрэтаў не выдаюць. Вядома толькі, што стварае новы спэктакаль Міхась Клімчук разам з маладым драматургам Вольгай Прусак (зараз працуе ў “Ляльцы”), чые п’есы з посьпехам ідуць у Беларускім Свабодным тэатры.

“Віцебская вясна” ўжо пісала пра дакумэнтальны фільм “БЕЛ-79”, зьняты Вольгай Прусак у 2017 годзе.

Зьміцер Міраш