Друкаваць гэтую старонку
Нядзеля, 27 Май 2018

“Можа выклікаць нэгатыўную рэакцыю…” Атрыманы адказ на зварот аб перайменаваньні ленінкі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Віцебская абласная бібліятэка Віцебская абласная бібліятэка

Аўтары пэтыцыі аб перайменаваньні Віцебскай абласной бібліятэкі імя Леніна і наданьні ёй імя Францішка Скарыны атрымалі адказ з галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай работы аблвыканкаму. Чыноўнікі палічылі гэтую “прапанову на дадзены момант немэтазгоднай”.

Нагадаем, пад пэтыцыяй аб перайменаваньні віцебскай ленінкі падпісаліся больш за паўтысячы чалавек.

Грамадзяне зьвярталі ўвагу чыноўнікаў на тое, што “гістарычная памяць дзеяча Уладзімера Леніна зь лішкам адлюстраваная ў розных кантэкстах”, а вось імя Францішка Скарыны ў Віцебску ніяк не ўшанаванае.

Ягораў: Пытаньне патрабуе дэталёвай прапрацоўкі

“Пытаньне аб перайменаваньні Віцебскай абласной бібліятэкі імя У.І. Леніна патрабуе дэталёвай прапрацоўкі і вывучэньня грамадзкага меркаваньня, таму што такія дзеяньні могуць выклікаць нэгатыўную рэакцыю ў часткі насельніцтва”, – адказаў заяўнікам начальнік галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкаму Генадзь Ягораў.

Што праўда, ідэоляг не выключае і станоўчага вырашэньня пытаньня, але “наданьне імя ўсходнеславянскага першадрукара Францішка Скарыны было б дарэчы прымеркаваць да якой-небудзь знакавай даты ці юбілею”. “На жаль, сёлета юбілейных датаў, зьвязаных з Францішкам Скарынам, няма”, – гаворыцца ў адказе.

“Лічым прапанову ў дадзены момант немэтазгоднай”

Начальнік абласной ідэалёгіі спасылаецца таксама на тое, што “перайменаваньне пацягне дадатковыя выдаткі для самой установы”.

“Таму лічым дадзеную прапанову ў цяперашні момант немэтазгоднай”, – падсумоўвае чыноўнік.

Цяперашнюю – ленінскую – назву віцебская абласная бібліятэка атрымала ў 1938 годзе. Сёлета ўстанова культуры адзначае сваё 80-годзьдзе. Грамадзяне меркавалі, што гэта мелася быць добрай нагодай, каб нешта зьмяніць.

Нагадаем, што абласная філія ТБМ (“Таварыства беларускай мовы”) неаднаразова, у тым ліку і летась, прапаноўвала надаць бібліятэцы імя Васіля Быкава. Але і гэтая прапанова была адхіленая з тых жа прычын: “немэтазгодна”, “выкліча нэгатыўную рэакцыю” і г.д.   

Зьміцер Міраш