Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 21 Май 2018

“Вольга – легенда”. Віцебскі гарвыканкам адказаў на пэтыцыю супраць помніка княгіні Вользе

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Праект помніка Вользе ў Віцебску Праект помніка Вользе ў Віцебску

На пачатку красавіка быў абвешчаны збор подпісаў пад пэтыцыяй супраць усталяваньня ў Віцебску помніка княгіні Вользе. Аўтары калектыўнага звароту назвалі 7 прычын, чаму гэты помнік будзе недарэчным у абласным цэнтры. 17 траўня атрымалі адказ: падставаў, каб адмовіцца ад праекту, няма.

На калектыўны зварот адказаў намесьнік старшыні Віцебскага гарвыканкаму Пётар Падгурскі. Прыводзім вытрымкі з электроннага ліста з захаваньнем правапісу арыгінала.

Нядбайна і з памылкамі

“Плануемы помнік княгіне Вольгі адлюстроўвае легенду аб заснаванні г. Віцебска. У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам стварэнне помніка ўзгоднена Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. Падставы для адказу ад плану па яго стварэнню адсутнічаюць”, – гаворыцца ў лісьце з гарвыканкаму.

Толькі цытаваны абзац утрымлівае як мінімум тры граматычныя і лексычныя памылкі (курсіў наш). А спалучэньнем “падставы для адказу… адсутнічаюць” аўтары меліся, найхутчэй, сказаць пра адсутнасьць “падставаў для адмовы”.

Зялёную зону ня зьнішчаць, а зьменяць

Падгурскі паведамляе таксама, што, “у адпаведнасці з артыкулам 119 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры, праектная дакументацыя па аб’екту ўзгоднена з Міністэрствам культуры рэспублікі Беларусь”.

“Пры правядзенні будаўнічых работ на аб’екце прадугледжана змяненне зялёнай зоны, а не яе знішчэнне”, – сьцьвярджаецца ў лісьце (правапіс захаваны).

Кампэтэнцыя гісторыкаў-прафэсіяналаў

На заканчэньне чыноўнік абяцае, што меркаваньні заяўнікаў будуць узятыя пад увагу, але дадае, што “навуковыя дыскусіі аб фактах дзейнасці княгіні Вольгі адносяцца да кампетэнцыі гісторыкаў-прафесіяналаў”.

Нагадаем, што намесьнік старшыні Віцебскага гарвыканкаму Пётар Падгурскі – гісторык па адукацыі, да 2007 году выкладаў гісторыю ў ВДУ імя Машэрава.

У адказе таксама сьцьвярджаецца, што “з пытанняў зварота не вынікае патрэбнасць аб яго разглядзе з выездам на месца”.

Няма адказу на галоўны аргумэнт

У лісьце з гарвыканкаму ніяк не аспрэчваецца асноўны аргумэнт заяўнікаў. Пра тое, што ўсталяваньне ў Віцебску помніка Вользе пацягне за сабой вялізныя выдаткі.

“Мы ўпэўненыя, што нават тыя віцябляне, хто ня супраць, каб у Віцебску зьявіўся чарговы гістарычны помнік, падтрымаюць нас у тым, што цяпер ня час нават думаць пра такія дарагія праекты”, – такое меркаваньне выказвалі аўтары звароту.

Паводле іх інфармацыі, толькі падрыхтоўка пляцоўкі пад помнік абыдзецца ў 1 млн. 150 тыс. рублёў.

Зьміцер Міраш