Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 17 Май 2018

“Віцебск. Час нямых зорак”. У ратушы адкрылі сэнсацыйную выставу да 120-годдзьдзя першага кінасэансу

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Падчас адкрыцьця выставы Падчас адкрыцьця выставы

У 1898 годзе ў будынку гарадзкога яхт-клюбу ў Віцебску адбыўся першы кінапаказ стужак славутых братоў Люм’ер. Віцебск стаў першым горадам Беларусі, які пабачыў сапраўднае кіно. 120-й гадавіне той падзеі і прысьвечаная выстава “Віцебск. Час нямых зорак”, якая адкрылася ў ратушы пры падтрымцы амбасадаў ЗША і Летувы ў Беларусі.

Экспазыцыю выставы складаюць унікальныя афішы, фотаздымкі і артэфакты, зьвязаныя зь Віцебскам кінэматаграфічным, і ня толькі зь Віцебскам.

Фенакістысоп - прылада для дэманстрацыі рухомых малюнкаў

Цікава, што афішы, прэзэнтаваныя на выставе, выкананыя аж на пяці мовах – ёсьць і па-беларуску.

Прастора выставы поўніцца сонечным сьвятлом, люстранымі адбіткамі і цішынёй. А яшчэ – таямніцай часу. Быццам насамрэч трапляеш на віцебскую вулачку 120-гадовай даўніны, каб пасьпець на кінасэанс.

Уражаньне вандроўкі ў часе ўзмацняла падчас вэрнісажу фартэпіянная музыка ў выкананьні сапраўднага тапёра, у ролю якога выдатна ўпісаўся віцебскі бард і літаратар Міхаіл Рубін.

  Міхаіл Рубін - тапёр

"Выстава стала сапраўднай сэнсацыяй"

Намесьнік дырэктара Віцебскага абласнога краязнаўчага музэю Валер Шышанаў прызнаўся на адкрыцьці, што “выстава стала сапраўднай сэнсацыяй ня толькі для Віцебску, а і для ўсёй Беларусі”.

Куратарка праекту Мая Кацнэльсон расказала падчас імпрэзы, што гэтая выстава – частка вялікага дасьледчага праекту “Час нямых зорак”, прысьвечанага першым крокам сынэматографу ў Беларусі. Дасьледаваньне тэмы вядзецца ўжо цягам некалькі гадоў, і за гэты час было зроблена нямала ашаламляльных адкрыцьцяў і знаходак, напрыклад – у Летуве.

Паводле Маі Кацнэльсон, прэзэнтаваныя на выставе афішы дэманструюцца ўпершыню ня толькі ў Віцебску і ў Беларусі, гэта іх сусьветная прэм’ера. Дагэтуль пра іх існаваньне ня ведаў ніхто.

“Гэты праект ня толькі пра кіно, а пра тое, якога ўзроўню культура была на нашай зямлі, пра тое, чым мы мусім сёньня ганарыцца і пра што мусім памятаць”, – падсумавала куратарка.

Паведаміла таксама, што натуральным працягам выставы стане кінапаказ некалькіх стужак на “Ноч музэяў” у Віцебску 18 траўня.

Калі не перашкодзіць навальніца, то на сьцяне ратушы пакажуць “Багдадзкага злодзея” з Дугласам Фэрбэнксам у галоўнай ролі і першыя нямыя фільмы Люм’ераў (пачатак сэансаў у сквэры Маякоўскага ў 22.00 і 0.15).

На адкрыцьці выставы “Віцебск. Час нямых зорак” выступілі таксама дырэктар Летувіскага архіву літаратуры і мастацтва Ёзапас Блажунас і старшыня Віцебскага абласнога савету дэпутатаў Уладзімер Цярэнцьеў.

"І важна, што спрабуем адраджаць"

“Мы гаворым пра год малой радзімы, але вельмі часта досыць абагульнена. А вось яна – малая радзіма. Вось ён, наш Віцебск, які грымеў 100-120 год таму. Віцебск, у які ўпершыню ў краіне прыйшоў ня толькі электрычны трамвай, але і кінэматограф. І важна, што мы сёньня пра гэта помнім, і кажам пра гэта, і спрабуем адраджаць”, – сказаў у сваёй прамове Ўладзімер Цярэнцьеў.

  На выставе нямога кіно - толькі шэптам. Уладзімер Цярэнцьеў

Пасьля ўрачыстай імпрэзы адкрыцьця аўтарка праекту Надзея Кухарэнка правяла па выставе захапляльную экскурсію. “Кіно прыехала ў Віцебск на трамваі. 120 – гэта вельмі сур’ёзны юбілей”, – кажа яна.

Падчас экскурсіі па выставе

Выступае Ёзапас Блажунас 

Выстава “Віцебск. Час нямых зорак” разьмяшчаецца на трэцім паверсе Віцебскага краязнаўчага музэю. Паглядзець яе і паблукаць па ёй можна аж да 30 чэрвеня.

Зьміцер Міраш, фота аўтара