Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 06 Люты 2018

“Сьмерць Сталіна” ў Віцебску не пакажуць: ня лезе ў рэпэртуар

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Скандальны фільм “Сьмерць Сталіна”, забаронены ў Расеі, не пакажуць і ў Віцебску. Пра гэта паведаміў “Віцебскай вясьне” дырэктар прадпрыемства “Кінавідэапракат” Віцебскага аблвыканкаму Сяргей Багачоў. Для “Сьмерці Сталіна” проста не знайшлося месца ў загадзя расьпісаным рэпэртуары.

“Гэты фільм у Віцебску дэманстравацца ня будзе. Так, у Менску пакажуць. Але ў іх шмат кінатэатраў, і яны для гэтага выдзелілі там адзін. А ў нас усяго два, і фільмы расьпісваюцца на некалькі месяцаў наперад. То бок “Сьмерць Сталіна” проста не становіцца ў рэпэртуар. Тут ніякай палітыкі”, – патлумачыў Сяргей Багачоў.

“Сьмерць Сталіна” – гэта ня віцебская тэма”

Паводле словаў Багачова, “Кінавідэапракат” ня толькі дзяржаўнае прадпрыемства, але і камэрцыйнае, таму асноўнае пытаньне пры складаньні рэпэртуару – ці будзе кіно запатрабаванае шырокім колам гледачоў.

На думку дырэктара віцебскага “Кінавідэапракату”, палітычнае кіно вялікім попытам у віцяблян не карыстаецца. Напрыклад, скандальная “Матыльда” мела летась у фінансавым пляне “вельмі сярэдненькія” паказьнікі.

“Ведаеце, “Сьмерць Сталіна” – гэта ня нашая тэма, ня віцебская. Віцебскі глядач, ён інтэлектуал, ён любіць інтэлектуальнае кіно”, – кажа Сяргей Багачоў.  

“А “Сьмерць Сталіна” яна, мабыць, больш для Расеі, камэдыя гэтая. Мяркую, там знойдуцца прыхільнікі такога кіно, але ня думаю, што іх будзе шмат у Віцебску”, – дадаў.

Віцебскі "Дом кіно"

На гэтым тыдні ў двух віцебскіх кінатэатрах (“Дом Кіно” і “Мір”) дэманструюцца расейскі трылер “Сэлфі” з Хабенскім у галоўнай ролі, амэрыканскі баёпік “Тоня супраць усіх” і фантастычную стужку “Карацей” (Нарвэгія-ЗША). Ва ўсю рэклямуюць таксама трэцюю частку “адценьняў шэрага” “50 адценьняў свабоды”.

У Расеі забаранілі, у Беларусі – паглядзелі ды ўхвалілі

Нагадаем, што француска-брытанская камэдыя “Сьмерць Сталіна” (рэжысэр Арманда Іануччы) была забароненая да пракату ў Расеі за два дні да прэм’еры, якая мелася адбыцца 25 сьнежня. Расейскі Мінкульт угледзеў у стужцы прыкметы экстрэмізму і “зьдзек над савецкай гісторыяй”. Фільм вельмі не спадабаўся Мікіце Міхалкову.

Адмянілі спачатку ўсе прэм’ерныя сэансы “Сьмерці Сталіна” і ў Менску. Але ўжо 5 лютага стала вядома, што экспэрты беларускага Міністэрства культуры, паглядзеўшы камэдыю, ніякіх парушэньняў заканадаўства ў ім не знайшлі і дазволілі пракат па краіне. Прэм’ерныя паказы ў Менску пройдуць 8 лютага.

Палітычная камэдыя “Сьмерць Сталіна” створаная паводле аднайменнага графічнага раману (коміксаў) францускіх мастакоў Фаб’ена Нуры і Цьеры Робэна. Фільм распавядае пра апошнія гадзіны жыцьця Ёсіфа Сталіна і пра палітычную барацьбу “за трон”, якая разьвярнулася паміж Бэрыяй, Хрушчовым, Жукавым ды іншымі "набліжанымі да цела" пасьля сьмерці “генсека”.

Зьміцер Міраш