Друкаваць гэтую старонку
Серада, 20 Снежань 2017

Касьцюшка ў Віцебску. У краязнаўчым музэі адкрылася выстава да 200-годзьдзя з дня сьмерці героя

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

У Віцебскім абласным краязнаўчым музэі 19 сьнежня адкрылася гістарычная выстава “Тадэвуш Касьцюшка: цана свабоды”. У межах экспазыцыі дэманструюцца 24 пляншэты з фотаздымкамі дакумэнтаў і мастацкіх прац, прысьвечаных нашаму выбітнаму земляку. Спазнаць цану свабоды паводле Касьцюшкі каштуе ўсяго 1 рубель (кошт квітка) для дарослых і 50 капеек – для дзетак і студэнтаў.

“Сын свабоды, якая належыць усім”

Выставу адчыняе стэнд з выказваньнем трэцяга прэзыдэнта ЗША Томаса Джэфэрсана, які пісаў пра Касьцюшку: “Гэта найчысьцейшы сын свабоды, якога я калі-колечы сустракаў, сын той свабоды, якая належыць усім”.

Адкрываючы выставу, загадчыца навукова-асьветніцкага аддзелу краязнаўчага музэю Алена Зорына нагадала, што 2017 год быў абвешчаны польскім Соймам Годам Касьцюшкі.

Каля тытульнага стэнду выставы

Паведаміла таксама, што арганізатарамі выставы ў Віцебску выступілі Міністэрства замежных спраў Польшчы і Польскі Інстытут у Менску.

Віцебчукі – першыя

Перад наведнікамі выступіў каардынатар мастацкіх праектаў Польскага Інстытуту ў Менску Аляксей Мацюшонак. Сказаў, што Віцебск, па вялікаму рахунку, стаў першым беларускім горадам, дзе дэманструецца праект (да гэтага экспазыцыю “Тадэвуш Касьцюшка: цана свабоды” паказвалі ў нашай краіне толькі падчас нацыянальнага прыёму ў Менску).

Выступае Аляксей Мацюшонак

Дадаў, што да арганізацыі выставы прычыніўся таксама музэй “Курган Касьцюшкі” ў Кракаве.

У сваю чаргу, галоўны спэцыяліст упраўленьня ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкаму Дзяніс Юрчак падзякаваў польскаму боку “за магчымасьць азнаёміцца з гэтай выставай у Віцебску і за тое супрацоўніцтва, якое адбываецца паміж нашымі дзяржавамі”.

Падчас адкрыцьця выставы

Дзяніс Юрчак нагадаў, што на радзіме Тадэвуша Касьцюшкі ў Марачоўшчыне (Брэсцкая вобласьць) створаны музэй. Выказаў надзею, што ў пэрспэктыве музэй Касьцюшкі перарасьце ў значны турыстычны комплекс (разам з палацам Пуслоўскага ў Косаве).

Хто лучыць Віцебск з Касьцюшкам  

Ці меў дачыненьне нацыянальны герой многіх народаў Тадэвуш Касьцюшка да нашага гораду? Пра гэта расказаў намесьнік дырэктара па навуцы Віцебскага краязнаўчага музэя Валеры Шышанаў.

Аказваецца, хай сабе і ўскосным чынам, Касьцюшку зь Віцебскам лучыць постаць польскага мастака і мэдальера Канстанціна Жмігродзкага (Konstanty Żmigrodzki (1876-1936), у нашых крыніцах прозьвішча падаецца як Змігродзкі).

Распавядае Валеры Шышанаў (першы справа)

Ураджэнец Рыгі, ён з 1908-га да 1913 працаваў у Віцебску, быў сябрам Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, а потым быў прызначаны дырэктарам Польскага нацыянальнага музэю ў Ропэрсвільскім замку (Швэйцарыя), дзе на той час захоўвалася сэрца Тадэвуша Касьцюшкі. Жмігродзкі таксама аўтар мэдаля да 100-годзьдзя сьмерці Касьцюшкі (1917).

Гэтак захавальнік музэю Віцебскай архіўнай камісіі стаў ахоўнікам сэрца кіраўніка паўстаньня 1794 года і героя вайны за незалежнасьць ЗША. Зрэшты, сэрца Касьцюшкі ў 1927 годзе было перавезена з Ропэрсвіля ў Варшаву і захоўваецца зараз у Каралеўскім палацы.

Выстава будзе працаваць да 15 студзеня

Экскурсію па выставе адразу пасьля яе адкрыцьця зладзіў для наведнікаў супрацоўнік музэю Ігар Гутнікаў.

Экскурсія па выставе

Выстава “Тадэвуш Касьцюшка: цана свабоды” будзе працаваць у віцебскім абласным краязнаўчым музэі да 15 студзеня.

Зьміцер Міраш, фота аўтара