Друкаваць гэтую старонку
Нядзеля, 26 Лістапад 2017

“Быў! Ёсьць! Буду!” Віцебчукі павіншавалі з народзінамі Ўладзімера Караткевіча

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
26 лістапада. Кветкі для Караткевіча ў Віцебску 26 лістапада. Кветкі для Караткевіча ў Віцебску

У нядзелю, 26 лістапада, жыхары Віцебску віншавалі з народзінамі славутага беларускага пісьменьніка Ўладзімера Караткевіча. Да помніка паэту ў Віцебску прыходзілі з кветкамі, вершамі і цёплымі словамі падзякі. Ускладаньне кветак здалёк фіксавалі на відэакамэру супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, але да Караткевіча не набліжаліся… 

 “Каля Караткевіча – Боская аўра”

Сёлета Ўладзімеру Караткевічу магло б споўніцца 87 гадоў. Па добрай шматгадовай звычцы людзі цягам усяго дня прыходзілі да помніка, чыталі вершы, размаўлялі ці проста паглыбляліся ў сябе. Дарылі Караткевічу кветкі. Як заўважыў легендарны віцебскі дысыдэнт Барыс Хамайда, “вакол помніка пануе Боская аўра, якая прыцягвае людзей і дапамагае ім”.

Помнік Караткевічу ў Віцебску

Узгадалі, што Караткевіч быў першым, хто сьцьвердзіў: “На Беларусі Бог жыве”.

– І ён сапраўды жыве! А дзякуючы яму – жыве і Беларусь. І я думаю, што той самы Бог перадасьць сёньня нашую падзяку Ўладзімеру Сямёнавічу за тое, што ў нас ёсьць свая гісторыя і што мы памятаем яе, за тое, што не забываем тых людзей, якія спрычыніліся да гэтай гісторыі, стваралі яе і захавалі яе. Гэты чалавек і гэты помнік – сымбалі ўсяго, што зьвязана з Беларусьсю”, – заўважыла віцебская актывістка Тацяна Севярынец.

Тацяна Севярынец віншуе паэта

Калі б не было Караткевіча, мы былі б іншымі

Краязнаўца Віктар Сьцяпанаў зазначыў, што “Караткевіч быў першы зь беларускіх пісьменьнікаў, які мысьліў як дзяржаўны дзяяч”.

– Ён глядзеў наперад. Ён ведаў, якія пытаньні паўстануць перад яго нашчадкамі. І ён вырашыў іх для нас”, – падкрэсьліў Сьцяпанаў, кажучы пра нацыятворчую ролю пісьменьніка.

– Караткевіч ствараў вобразы такіх беларусаў, якімі хацелася быць, якім хацелася адпавядаць. І цалкам верагодна, што ён сапраўды выканаў гэтую нацыятворчую функцыю. Ён стварыў новую беларускую нацыю, заклаў для нас новыя нацыянальныя стандарты, – дадаў.

“Яго трэба чытаць з маленства. Штодзень!”

Але людзі казалі і пра тое, што, на жаль, дзень народзінаў Уладзімера Караткевіча не сьвяткуецца дагэтуль на дзяржаўным узроўні. Гэты дзень ня стаўся ў Віцебску гарадзкім сьвятам паэзіі і літаратуры. У той жа час на радзіме пісьменьніка ў Воршы змаглі абараніць і захаваць традыцыю народных сьвяткаваньняў у гонар паэта.

  Кастусь Смолікаў чытае вершы Караткевіча 

– Нам трэба думаць, якім чынам зрабіць так, каб штогод нас тут было больш і больш. Каб ладзіць літаратурныя чытаньні, паэтычныя конкурсы ў школах, стварыць нарэшце фонд Караткевіча. І трэба рыхтавацца да гэтага дня цягам усяго году. А ня так, каб учора ўспомнілі – і палезьлі па кніжку. Бо ёсьць рэчы, якія трэба рабіць штодзень. Напрыклад, чысьціць зубы і прамываць вочы. Так і з Караткевічам, – зазначыў старшыня Віцебскай абласной арганізацыі партыі БНФ Кастусь Смолікаў.

– Яго трэба чытаць з самага маленства! – дадаў.

Павіншаваць Караткевіча са сьвятам да помніка падыходзілі звычайныя мінакі зь дзеткамі. Гучалі лірычныя і патрыятычныя вершы. Да паэта зьвярталіся як да жывога. Бо той сьцьвердзіў: “Быў! Ёсьць! Буду!”

Падчас ускладаньня кветак

Дарэчы, віншаваў сёньня з днём народзінаў Уладзімера Караткевіча і арт-паб “Торвальд”.

Віцебскі "Торвальд" павіншаваў Караткевіча

А ў краме “Князь Вітаўт” (пр-т Фрунзэ, 8) можна было атрымаць добрую зьніжку, прачытаўшы верш беларускага клясыка.

Зьміцер Міраш, фота аўтара