Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 03 Лістапад 2017

Вы прачнуліся, а Леніна няма… Апытаньне

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Помнік Леніну ў Віцебску Помнік Леніну ў Віцебску

У Польшчы, ва Ўкраіне, Летуве шматлікія помнікі Леніну ўжо скінутыя з пастамэнтаў. Зрынутыя і забытыя. У Беларусі ж правадыр пралетарыяту працягвае весьці рэй у гарадзкой архітэктуры і тапаніміцы, пацьвярджаючы камуністычны лёзунг “жывейшы за ўсіх жывых”. Але ўявіце сабе, што заўтра вы прачняцеся, а пастамэнт на плошчы Леніна ў Віцебску пусты. Што адчуеце?..

З гэтым пытаньнем мы зьвярнуліся да звычайных мінакоў, якія напярэдадні 100-й гадавіны (апытанку рабілі 2 лістапада) кастрычніцкай рэвалюцыі крочылі са сваімі штодзённымі клопатамі праз плошчу Леніна ў Віцебску.

“Што адчую? Будзе вельмі шкада…”

– Асабіста мне будзе шкада, вельмі шкада. Гэта ж наша гісторыя і гэта нашае сьвята, як-ніяк. Хай яны стаяць у Беларусі. Каму яны перашкаджаюць, гэтыя помнікі? – кажа віцебская пэнсіянэрка, якая адмовілася назваць сваё імя.

“Ну ня будзе – і добра”   

– Ну ня будзе, і добра. Разумееце, калі помнік прыгожы, то можна і пакінуць. А як у нашых вёсках ды мястэчках нейкія гіпсавыя стаяць, абы з чаго зьлепленыя, то, вядома, іх даўно ўжо пазносіць трэба. Ну, гэты, віцебскі, так сабе, яшчэ нічога. Але, калі па праўдзе, мне ўсё роўна, - кажа Віктар, мужчына пэнсійнага ўзросту, які кіруецца на Смаленскі рынак.   

“Ад таго, стаіць тут Ленін альбо не стаіць, нічога ня зьменіцца”

– Па праўдзе, цяжкае пытаньне, - гаворыць настаўніца-дэфэктоляг Ірына Лутохіна. – Улічваючы тое, што вы задаяце яго на беларускай мове, то зразумела, які адказ ад мяне чакаеце. Ніякай палітыкі?.. Тады адкажу так: ад таго, стаіць тут Ленін альбо не стаіць, нічога ня зьменіцца. Але мой тата працаваў у камуністычнай партыі. Да таго ж я нарадзілася ў Санкт-Пецярбурзе, а гэта ж калыска рэвалюцыі. І цяпер я таксама тлумачу дзецям, якое сьвята мы сьвяткуем і чаму. 100 год рэвалюцыі – гэта, безумоўна, сьвята. Зразумела, што не такое, якое было тады, калі мы былі дзецьмі, і, зразумела, што мы ўжо не фанаты, але гэта важна.

“Нічога пра яго ня ведаю”

– Я наогул украінка і ня маю з гэтым анічога агульнага. Нічога пра Леніна ня ведаю, - кажа віцебская 11-клясьніца Ўлада. – Магчыма, мне павінна быць сорамна праз гэта, але… На Украіне Леніна зруйнавалі? Не магу гэтага камэнтаваць. У Беларусі прыгожа. Сем гадоў жыву ўжо ў Віцебску.

“А чаму гэта вы мне такія пытаньні задаяце?..”

“Не магу адказаць. А чаму гэта яго раптам ня будзе? Куды ён зьнікне? Чаму гэта вы мне такія пытаньні задаяце? – насьцярожваецца пэнсіянэрка Ганна. – Мы ж не Ўкраіна! Хай сабе стаяць гэтыя помнікі!

“Што цяпер – галавой аб яго біцца?..”

– Ня ведаю. Ну а што ён мне? Ён мне не перашкаджае, дык хай жыве. А рэвалюцыя ў які дзень адбылася? 7 лістапада? Гэта выходны дзень, кажаце? Значыцца, добры дзень (сьмяецца). Хоць жывем, канечне, паскудна і бедна. Можа, празь Леніна ўся гэтая галеча і пачалася ў нас. Але што цяпер, галавой аб яго біцца, ці што? – падсумоўвае 53-гадовы мужчына, які прадставіўся Сашам.

“На гісторыю лепш не забывацца…”

– Анічога не адчую, мне ўсё адно, ёсьць ён тут ці яго няма, – адказвае Канстанцін, інтэлігентны мужчына сярэдняга веку. – 100-годзьдзе рэвалюцыі? Гэта проста гісторыя, нічога сьвятога ці сьвяточнага ў гэтай падзеі няма. Але на гісторыю лепш не забывацца. Так што хай стаіць – як напамін пра тое, чаго рабіць ня трэба. Іначай забудземся.

“Абсалютна нічога не адчую”

– Прачнуся і не пабачу гэтага Леніна? Абсалютна нічога не адчую, – сьцьвярджае Франц (адзіны з апытаных, хто адказваў па-беларуску), які ў кампаніі дачкі Ганны праходзіць праз плошчу Леніна. – Мне цяжка сказаць, ці мае гэты помнік якую каштоўнасьць і з чаго ён зроблены. Але спакойна да ўсяго гэтага стаўлюся. Што думае на гэты конт Ганна? “Ці ведаеш, хто такі Ленін?” – “Так” – “А што ён такога зрабіў, што помнік тут яму паставілі?” – “Ня помню, у школе нам нічога пра гэта не казалі пакуль што” (дзяўчынцы гадоў 12-13).

Зьміцер Міраш

 

2 камэнтары