Друкаваць гэтую старонку
Нядзеля, 20 Лістапад 2016

У Глыбокім Зьміцер Бартосік прэзэнтаваў сваю кнігу

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Зьміцер Бартосік Зьміцер Бартосік

Кніга незвычайная ня толькі сваёй назвай – «Быў у пана верабейка гаварушчы». Яна ўнікальная ўжо тым, што са старонак да чытачоў гаворыць ня толькі аўтар, журналіст Зьміцер Бартосік: тут пра сваё жыцьцё апавядаюць шараговыя беларусы, жыхары «глыбінкі», чыё слова ня так часта імкнуцца трансьляваць афіцыйныя СМІ – бо надта яно праўдзівае і трапнае.

Назва кнігі – таксама з самых трапных, яскравых аповедаў. Зь якога слова ня выкінеш, нават калі яно грубаватае, сьмяецца аўтар:

«Аднойчы ў вёсцы Дзямідаў, што на Гомельшчыне, старая Ганна Дуда распавяла мне гісторыю пра магнатаў Горватаў. Ці праўда гэта, ці ўжо байка, фальклёрная гісторыя – хто ведае? Жыў-быў пан у іх, да рэвалюцыі. Добры быў чалавек, ніколі чалавека дарма не пакрыўдзіць. Але быў у яго такі верабейка гаварушчы – напэўна, у тыя часы пра папугаяў ня чулі, дык назвалі так. І гэты верабейка гаварушчы, як пан казаў, паціху назіраў за гаспадаркай. А найболей – за сялянамі, пакуль пан у ад’езьдзе. А калі вяртаўся, то верабейка яму ўсё дакладае: хто нешта скраў з панскага майна, хто на фартап’янах брынькаў ці перад люстэркам у панскіх пакоях круціўся... Дык сяляне й вырашылі зашыць таму верабейку жопу! А ён гаварушчы – гаварушчы, ды ня надта: усяго распавесьці ня ўмеў. Прыйшоў пан. А той кажа: “Шыла-шыла дый зашыла”. Нічога пан не зразумеў, нічога не заўважыў, сяляне не прызналіся. А верабейка здох».

Зьміцер Бартосік лічыць, што гэтая гісторыя – няйнакш пра лёс нашай Беларусі. Тут і пра тое, як беларусы ўмеюць «па-партызанску» ваяваць са сваімі прыгнятальнікамі: без залішняга шуму, але эфэктыўна. І пра спробы «зашыць» раты нашым суграмадзянам, каб ня скардзіліся на жыцьцё, ня бэсьцілі ўлады. Прыстрашыць людзей, як было ў самыя цяжкія гады беларускай гісторыі, дый цяпер – кантрактамі на вытворчасьці, ці законам пра дармаедаў, ці відэаназіраньнем на кожным кроку. А гэта ж і ёсьць той самы «верабейка гаварушчы», даносчык, пры якім – ні слова лішняга, ні руху...

Але чалавеку проста неабходна выгаварыцца, выказацца ці нават паспавядацца. І гэтая кніга складаецца менавіта з такіх шчырых размоваў, гаворыць аўтар:

«У ёй 35 гісторый пра ўсё – пачынаючы ад рэвалюцыйных падзеяў і сканчаючы нашым часам. Прычым аснову складаюць аповеды пра страшнае – зьвязаныя са злачынствамі, забойствамі, бо цяжкі лёс у беларусаў. Адным словам, невясёлыя гісторыі».

Ёсьць у зборніку і нарысы з Глыбоччыны – «Загадкавае прароцтва глыбоцкіх старцаў», гэта тры гісторыі, пачутыя ад мясцовых жыхароў, і «Беларускі аграном Баляслаў Лапыр», пра глыбоцкага садавода-сэлекцыянэра, які вывеў адмысловы гатунак вішняў, надзвычай урадлівы ў тутэйшых умовах. І хоць афіцыйна такога гатунку няма, славу Глыбокаму ён прынёс: нездарма ў райцэнтры заснаваны і штогод праводзіцца «Вішнёвы фэст».

І першую прэзэнтацыю сваёй кнігі Зьміцер Бартосік вырашыў зладзіць у Глыбокім невыпадкова. Як ён кажа, менавіта падчас вандровак у гэтыя краі прыйшло ўсьведамленьне, якія жыцьцёвыя гісторыі варта шукаць, каб іх зафіксаваць для слухачоў і чытачоў «Свабоды». І паспрыяў гэтаму глыбачанін, мясцовы дэмакратычны актывіст і цёзка Зьміцер Лупач. Яму Зьміцер Бартосік і прысьвяціў гэтую кнігу.

Спадар Лупач, вядома ж, быў запрошаны на прэзэнтацыю – і ня толькі ў якасьці гледача. Яны са Зьмітром Бартосікам і блізкія сябры, і аднадумцы. Пасябравалі даўно, і менавіта падчас супольных вандровак, гаворыць Зьміцер Лупач:

«Яшчэ ў пачатку 2000-х я ведаў Бартосіка, але як выканаўцу песень, як барда. А потым ён колькі разоў да нас прыяжджаў ня толькі выступаць, але й як адзін з аўтараў праграмы “Палітычная геаграфія” на Радыё Свабода. У 2006-м годзе, памятаю, мы разам паехалі ў вёску Дзеркаўшчына, з таго часу наша сяброўства й пачалося. Мы тады шмат размаўлялі пра тое, што варта запісваць гісторыі, якія сыходзяць разам з людзьмі. Бо мінулае 20-е стагодзьдзе было вельмі драматычным. Багатым на падзеі. Я колькі разоў зьбіраўся, каб запісаць цікавыя аповеды землякоў, ды неяк не складалася... А ён узяўся, і атрымаўся спачатку цыкль перадач, і цяпер – кніга».

У 2001-м годзе на Радыё Свабода была праграма «Палітычная геаграфія» – гэта ў асноўным былі вандроўкі да мясцовых палітычных актывістаў. А потым яна трансфармавалася ў «Падарожжы Свабоды« – у зьбіраньне жыцьцёвых гісторый, па якіх, бадай што, можна вывучаць гісторыю краіны.

На прэзэнтацыю кнігі «Быў у пана верабейка гаварушчы» ў Глыбокім прыйшлі з паўтара дзясяткі чалавек – больш, напэўна, і не зьмясьцілася б у невялікім памяшканьні, офісе мясцовых дэмакратычных сілаў.

Было вельмі цёпла – і ня проста праз тое, што ў маленькім памяшканьні сабралася шмат людзей, а таму, што гэтая прэзэнтацыя адбывалася ў насамрэч сяброўскім коле. Выступы, досьціпы, рогат, сьпевы пад гітару, аўтографы – усё гэта было. Пакуль – толькі ў Глыбокім. Але Зьміцер Бартосік абяцае, што прыедзе са сваёй кнігай і ў іншыя гарады.

svaboda.org