Друкаваць гэтую старонку
Субота, 10 Май 2014

Чыноўніца Талачынскага райвыканкаму: З навучаньнем на беларускай мове ў раёне ўсё добра

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Што тычыцца навучаньня па-беларуску, паводле словаў начальніцы аддзелу адукацыі, спорту і турызму Талачынскага райвыканкаму Вольгі Шафранскай, сытуацыя ў Талачынскім раёне вельмі аптымістычная: «Усе школы ў Талачынскім раёне беларускамоўныя, акрамя дзьвюх расейскамоўных сельскіх школ-садкоў і гарадзкіх школ».

«Гарадзкія школы ў нас расейскамоўныя. Але на сяле выкладаньне ўсіх прадметаў вядзецца па-беларуску, дый вучні сельскіх школ звычайна выбіраюць беларускую мову падчас здачы цэнтралізаванага тэставаньня. Нават у нашым аддзеле ўся дакумэнтацыя вядзецца па-беларуску», — патлумачыла Вольга Шафранская.

Аднак калі справа дайшла да лічбаў, увесь аптымізм вокамгненна зьнікае. Хоць у Талачынскім раёне «амаль усе школы» беларускамоўныя, наведвае іх толькі 3% вучняў.

«У нашым раёне 12 сярэдніх, 2 пачатковыя і 4 базавыя школы. На іх прыходзіцца 2 600 вучняў. Аднак сельскія школы з навучаньнем па-беларуску маленькія, агулам у іх навучаецца 95 вучняў. Астатнія наведваюць расейскамоўныя школы ў гарадох», — паведаміла Шафранская.

Крыніца: «Наша Ніва»