Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 20 Кастрычнік 2014

Камітэт па правох чалавека ААН: Беларусь парушыла правы віцебскіх актывістаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Камітэт ААН па правох чалавека на 111-й сэсіі разгледзеў скаргі двух віцебчукоў. Вэрдыкт, вынесены камітэтам: Рэспубліка Беларусь парушыла правы Ігара Базарава і Валера Аляксандрава, пакараўшы іх пяць гадоў таму штрафамі за ўдзел у несанкцыянаваным вулічным шэсьці. Паводле камітэту, улады парушылі частку 2 артыкулу 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох (права на свабоднае выказваньне свайго меркаваньня), а ў адносінах да Базарава быў парушаны яшчэ і артыкул 21 пакту (права на мірныя сходы).

Падзеі, якія вымусілі актывістаў зьвярнуцца па дапамогу ў КПЧ, адбыліся ў 2009 годзе. Ігар Базараў і Валер Аляксандраў вырашылі адзначыць Дзень волі. 25 сакавіка яны разам зь Сяргеем Каваленкам выйшлі зь бел-чырвона-белым сьцягам у цэнтар Віцебску. У справу ўмяшалася міліцыя: хлопцаў абвінавацілі ў парушэньні артыкулу 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях (парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў). 27 сакавіка судзьдзя суду Кастрычніцкага раёну Віцебску Алена Казілава вынесла рашэньне аб пакараньні актывістаў штрафамі: кожны зь іх мусіў выплаціць у даход дзяржавы па 70 тысяч рублёў (па дзьве базавыя велічыні). Спробы абскардзіць гэтае рашэньне ў Віцебскім абласным і Вярхоўным судох не далі плёну.

Як адзначыў камітэт у рашэньнях, прынятых у дачыненьні да віцебскіх актывістаў, калі ўводзяцца нейкія абмежаваньні правоў, дзяржава павінна растлумачыць, дзеля дасягненьня якіх легітымных мэтаў правы абмяжоўваюцца. Аднак урад Беларусі не растлумачыў, якім чынам маўклівы рух траіх чалавек па ходніках у абедзенны час парушыў правы і свабоды іншых людзей або стварыў пагрозу нацыянальнай бясьпецы ці грамадзкаму парадку. Таму камітэт прыйшоў да высновы, што перасьлед Базарава і Аляксандрава за іх удзел у мірным сходзе, хаця ён і ня быў санкцыянаваны ўладамі, зьяўляецца неабгрунтаваным абмежаваннем правоў.

Згодна з рашэньнем КПЧ, Беларусь як удзельнік Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох абавязаная забясьпечыць віцебскім актывістам эфэктыўныя сродкі прававой абароны, а таксама кампэнсацыю і пакрыцьцё накладзеных на іх штрафаў. Таксама дзяржава павінна зрабіць захады па недапушчэньні аналягічных парушэньняў у будучыні; камітэт нагадаў уладам Беларусі, што яны мусяць перагледзець заканадаўства, у прыватнасьці Закон аб масавых мерапрыемствах ад 30 сьнежня 1997 году.