Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 24 Снежань 2019

Віцебскі пэнсіянэр атрымаў рашэньне КПЧ і паспрабаваў спагнаць зь Мінфіну 2300 рублёў

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Міхаіл Жураўлёў падчас разгляду скаргі ў аблсудзе Міхаіл Жураўлёў падчас разгляду скаргі ў аблсудзе

Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў, што дзяржава парушыла правы віцябляніна Міхаіла Жураўлёва на свабоду выказваньня свайго меркаваньня, калі ў 2012 годзе актывіста аштрафавалі за распаўсюд газэты «Віцебскі Кур’ер». Абапіраючыся на рашэньне КПЧ ААН, Жураўлёў паспрабаваў праз суд спагнаць зь Мінфіну РБ 2300 рублёў маральнай шкоды.

Сем гадоў таму, 6 кастрычніка 2012 года, Міхаіл Жураўлёў быў затрыманы міліцыянтамі, калі раскладваў асобнікі газэты «Віцебскі кур'ер» у паштовыя скрыні аднаго з дамоў на праспэкце Перамогі. У актывіста канфіскавалі 241 газэту.

22 кастрычніка судзьдзя суду Першамайскага раёну Віцебску Натальля Карабліна прызнала пэнсіянэра вінаватым у парушэньні заканадаўства аб СМІ (ч.2 арт. 22.9 КаАП) і пакарала штрафам у памеры 2,5 млн. рублёў (на той момант – каля 300 даляраў).

Міхаіл Жураўлёў абскардзіў рашэньне ў Віцебскім абласным і Вярхоўным судах, але безвынікова. Выкарыстаўшы ўсе ўнутраныя сродкі прававой абароны, зьвярнуўся ў Камітэт па правах чалавека ААН.

Камітэт стаў на бок заяўніка і палічыў, што яго правы былі сапраўды парушаныя дзяржавай у частцы артыкула 19 (Права на свабоду выказваньня) Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Паводле высноваў КПЧ, «дзяржава абавязаная зрабіць адпаведныя крокі да таго, каб пакрыць цяперашні памер штрафу і любыя судовыя выдаткі, панесеныя ў сувязі з разглядамі». Падкрэсьлівалася, што «дзяржава мае абавязак зрабіць усе неабходныя крокі для таго, каб не дапускаць паўтору такіх парушэньняў у будучыні».

Маючы падставай рашэньне Камітэту па правах чалавека, Жураўлёў зьвярнуўся з пазоўнай заявай у суд Першамайскага раёну Віцебску з просьбай спагнаць з Міністэрства фінансаў РБ 2301 рубель 50 капеек у якасьці кампэнсацыі матэрыяльнай і маральнай шкоды. Адказчыкамі выступілі Мінфін, Вярхоўны і Віцебскі абласны суды, пракуратура вобласьці, а таксама суд Першамайскага раёну.

У заяве віцебскі пэнсіянэр зьвяртаў увагу на тое, што «правапарушэньняў не ўчыняў, толькі рэалізоўваў сваё права, гарантаванае арт. 19 Пакту».

13 лістапада 2019 году суд Кастрычніцкага раёну Віцебску, куды заяву перанакіравалі з Першамайскага суду (бо быў адказчыкам), вынес сваё вызначэньне. Судзьдзя Лешчанка прыняла рашэньне спыніць справаводзтва па пазове – «з прычыны яго непадведамнасьці».

Пасьля гэтага Міхаіл Жураўлёў падаў прыватную скаргу на такое рашэньне ў Віцебскі абласны суд.

Судовы разгляд адбыўся 23 сьнежня. У якасьці прадстаўніка грамадзкасьці на паседжаньні выступіў праваабаронца БХК Павал Левінаў. Ён зьвярнуў увагу, што абласны суд, зьяўляючыся адным з адказчыкаў, сам разглядае скаргу.

«Ці ня лепш было б, каб яе разглядаў суд іншай вобласьці? А так атрымліваецца, што Віцебскі абласны суд разглядае скаргу на самога сябе. Якое рашэньне ён можа ў такім разе вынесьці?..» – задаў рытарычнае пытаньне праваабаронца.

Судзьдзя Віцебскага абласнога суду Марына Вострыкава выслухала довады Міхаіла Жураўлёва і пастанавіла пакінуць вызначэньне суду Кастрычніцкага раёна Віцебску ў сіле, а скаргу – без задавальненьня.

Уладзімер Бяляўскі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.