Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 10 Снежань 2018

КПЧ ААН зарэгістраваў звароты аб парушэньні дзяржавай правоў Зьмітра Лупача і Тацяны Смоткінай

Ацаніць гэты матэрыял
(20 галасоў)
Фрылянсэры з Глыбокага Тацяна Смоткіна і Зьміцер Лупач. Фота: svaboda.org Фрылянсэры з Глыбокага Тацяна Смоткіна і Зьміцер Лупач. Фота: svaboda.org

Камітэт па правах чалавека ААН прыняў да разгляду паведамленьні аб парушэньні дзяржавай правоў на свабоднае выказваньне свайго меркаваньня ў дачыненьні фрылянсэраў Зьмітра Лупача і Тацяны Смоткінай. Пра гэта паведаміў аўтар зваротаў у КПЧ ААН віцебскі праваабаронца Павал Левінаў. Ліст з Камітэту ён атрымаў 10 сьнежня – у Дзень правоў чалавека.

“Камітэт паведаміў, што абодва паведамленьні ў інтарэсах журналістаў-фрылянсэраў былі зарэгістраваныя і накіраваныя дзяржаве для дачы камэнтароў”, – патлумачыў Павал Левінаў.

Індывідуальнае паведамленьне ў КПЧ пра парушэньне правоў Зьмітра Лупача было накіраванае Левінавым 7 лістапада 2018 году – пасьля таго як суд Браслаўскага раёну аштрафаваў Лупача на 882 рублі, прызнаўшы вінаватым у   незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ (ч.2 арт. 22.9 КаАП РБ). Справа тычылася матэрыялу “Настаўніцу садзяць за кветку, а карупцыянэры Лукашэнкі – на свабодзе”, апублікаванага на сайце beIsat.eu.

“У інфармацыйным матэрыяле, апублікаваным на сайце belsat.eu, не зьмяшчалася інфармацыі, забароненай да распаўсюду законамі Рэспублікі Белрусь, ён ніякім чынам не замахваўся на нацыянальную бясьпеку, грамадзкі парадак, маральнасьць насельніцтва, правы і свабоды іншых асобаў”, – сьцьвярджалася ў паведамленьні.

Праваабаронца прыйшоў да высновы, што “прыцягненьне да адміністрацыйнай адказнасьці не за зьмест матэрыялаў, а за факт іх зьяўленьня ў замежных СМІ зьяўляецца неабгрунтаваным абмежаваньнем свабоды выказваньня меркаваньня і права на атрыманьне і распаўсюд інфармацыі, гарантаванае арт. 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах”.  

“Вычарпаўшы ўсе эфэктыўныя сродкі абароны ўнутры Рэспублікі Беларусь, Зьміцер Лупач ня змог абараніць парушанае права на нацыянальным узроўні”, – падкрэсьлівалася ў звароце ў КПЧ ААН.  

Падобнае па зьмесьце паведамленьне, датычнае парушэньняў правоў фрылянсэркі Тацяны Смоткінай, Павал Левінаў накіраваў у Камітэт 29 жніўня. Глыбачанка Тацяна Смоткіна 31 траўня была пакараная штрафам у памеры 735 рублёў Докшыцкім райсудом паводле таго ж самага артыкула 22.9 КаАП (за матэрыял “Вываз сьмецьця – паслуга абавязковая”, апублікаваным на сайце “Беларускага Радыё Рацыя”).

Павал Левінаў: Гэта нават ня нонсэнс – гэта анахранізм

“Калі людзі здымаюць нейкія сюжэты і разьмяшчаюць іх у сеціве, а іх за гэта прыцягваюць да адказнасьці – гэта нават ня нонсэнс, гэта нейкі анахранізм”, – пракамэнтаваў выпадкі з прысудамі журналістам-фрылянсэрам Павал Левінаў.

Ён лічыць, што зьвяртацца ў Камітэт па правах чалавека мае сэнс нават тады, калі дзяржава адмаўляецца выконваць рашэньні КПЧ ААН.

“Ведаеце, наша дзяржава заняла пазыцыю такога буянага страуса, які засунуў галаву ў пясок, а калі яе адтуль дастае, кажа: “А нам усё роўна, нічога ня будзем выконваць”. І зноў – у пясок. Але ж тулава застаецца на паверхні – дык ёсьць куды лупіць! І ўдары, трэба сказаць, атрымліваюцца парой вельмі ўдалыя. Так што, паверце, і дзяржава, нягледзячы на прамыя адмовы, усё-такі вымушаная неяк рэагаваць”, – кажа праваабаронца.

Паводле інфармацыі, якой валодае Павал Левінаў, МЗС, Мінюст, Вярхоўны суд і Генпракуратура Беларусі займаюцца аналізам рашэньняў КПЧ ААН “у мэтах   магчымага выкарыстаньня пры ўдасканальваньні заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі”.

“Таму свае правы трэба бараніць. І калі не атрымліваецца на нацыянальным узроўні, неабходна зьвяртацца ў міжнародныя структуры, што дазваляе нам Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь”, – падсумоўвае Левінаў.

Зьміцер Міраш