Кастрычніцкі суд Віцебску спыніў адміністрацыйную справу супраць доктара Пастнова
Віцебскага доктара-праўдаруба Ігара Пастнова абвінавачвалі ў непадпарадкаваньні супрацоўніку міліцыі (арт. 23.4 КаАП РБ) падчас інцыдэнту 4 верасьня, калі Пастнова гвалтам вывезьлі з будынку сьледчага камітэту на псыхіятрычную экспэртызу ў Навінкі. 15 верасьня судзьдзя Кастрычніцкага раёну Віцебску Ільля Белавус вынес рашэньне скасаваць справу. Падстава – адсутнасьць складу правапарушэньня.
З габінэту сьледчага віцебскі лекар-праўдаруб трапіў на псыхіятрычную экспэртызу
4 верасьня старшы сьледчы трэцяга сьледчага аддзяленьня Віцебскага гарадзкога аддзелу Сьледчага камітэту Хрысьціна Казімірская выклікала па тэлефоне лекара-псыхіятра Ігара Пастнова на допыт у межах крымінальнай справы, распачатай паводле часткі 1 артыкулу 400 КК – «заведама фальшывы данос аб зьдзяйсьненьні злачынства». З габінэту сьледчага лекара-псыхіятра прымусова адправілі ў «Навінкі» для праходжаньня стацыянарнай псыхіятрычнай экспэртызы.
Супраць віцебскага лекара-праўдаруба распачатая крымінальная справа
Згодна з пастановай супрацоўніцы Сьледчага камітэту Х.С. Казімірскай, крымінальная справа ў дачыненьні да доктара Ігара Пастнова распачатая паводле прыкметаў складу злачынства, прадугледжанага часткай 1 артыкулу 400 Крымінальнага кодэксу (сьведама фальшывы данос пра зьдзяйсьненьне злачынства).