Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 23 Жнівень 2013

Лекару Ігару Пастнову дапаможа адвакат

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Ігар Пастноў Ігар Пастноў

Ігар Пастноў заключыў дамову з адвакатам на складаньне касацыйнай скаргі на рашэньне суду Віцебскага раёну. Адвакат складзе скаргу пасьля дэталёвага знаёмства з рашэньнем судзьдзі Тацьцяны Дзегцяровай, вывучэньня акалічнасьцяў судовага працэсу, на якім не было ні самога Пастнова, ні яго абаронцы, а толькі судзьдзя і намесьнік галоўурача віцебскага абласнога псыхіятрычнага шпіталя спадар Панамароў. Потым ён завязе касацыйную скаргу на подпіс да Ігара Паснова, які ўжо больш за тыдзень утрымліваецца ў псыхіятрычным шпіталі.

Цяпер ён там у якасьці пацыента, а да таго працаваў лекарам-псыхіятрам. У 2-е закрытае аддзяленьне яго забралі 16 жніўня проста з працы. Здарылася гэта неўзабаве пасьля зьяўленьня ў інтэрнэце чарговага ягонага звароту да землякоў, дзе ён ужо ня першы раз скрытыкаваў стан і дзейнасьць віцебскіх мэдычных установаў. Ігар Пасноў апавёў таксама пра тое, што кіраўніцтва псыхіятрычнага шпіталя вінаваціць яго ў «неэтычных паводзінах» за вострую крытыку і што яму пагражаюць прымусовым псыхіятрычным лекаваньнем.

Сайт «Народныя Навіны Віцебску» апублікаваў некалькі дакумэнтаў, якія трапілі да журналістаў з псыхіятрычнага шпіталю. Паводле заключэньня ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі, у Пастнова былі выяўленыя «наяўнасьць звышкаштоўных і вар’яцкіх ідэяў адносінаў і перасьледу, пастаяннае завышэньне сваёй значнасьці, што вядзе да пагаршэньня сацыяльнага функцыянаваньня і пагаршэньня прадукцыйнасьці яго камунікацыяў». Гэткія высновы былі зробленыя ў тым ліку на падставе паказаньняў супрацоўнікаў цэнтру і публікацыяў у інтэрнэце, зробленых доктарам Пастновым.

Згодна з наяўнымі дадзенымі, з 22 ліпеня да Ігара Пастнова пачалі ўжываць лячэбныя працэдуры.

Паводле Радыё Свабода і Народных Навін Віцебска