24 ліпеня ў памяць старшыні калгасу «Заклік» Антона Рамашкі зь вёскі Рашоткі Віцебскага раёну, Бараўлянскага с/с да мэмарыяльнага крыжа ва ўрочышчы Хайсы актывісты прымацавалі шыльду з надпісам: «Рамашка Антон Іванавіч. Бязьвінная ахвяра сталінскага тэрору».

Пасьля эксгумацыі чалавечых парэшткаў зь няўлічанага пахаваньня ля вёскі Хайсы салдатамі 52-га асобнага спэцыялізаванага пошукавага батальёну распачалася прапагандысцкая кампанія па залічэньні невядомых ахвяраў на рахунак нямецкіх акупантаў.  Жыхары навакольных вёсак, якія суадносяць іх з часамі сталінскіх рэпрэсіяў, абураныя: яны мяркуюць, што ўлады нахабна скажаюць гістарычную праўду.