Ініцыятыва “Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы”, якая займаецца дасьледаваньнем сталінскіх рэпрэсіяў і пошукам зьвестак пра закатаваных камуністамі людзей, заснавала свой сайт, паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.

Адзінае афіцыйна прызнанае месца масавых расстрэлаў у 1930-я гады пад Воршай — урочышча Кабыляцкая гара. Але сваякі рэпрэсаваных сьцьвярджаюць, што ім вядомыя і іншыя месцы загубы бязьвінных грамадзян, арыштаваных і кінутых у турмы. У гэтых мясьцінах родныя прапануюць паставіць памятныя знакі. Пра гэта яны пішуць у лістах у райвыканкам.

Поўнага сьпісу людзей, якія трапілі пад сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі, дагэтуль няма. Найвяликшы сьпіс на сёньняшні дзень сабраны арганізацыяй «Мартыралёг Беларусі», але і ён далёка ня поўны, хоць зьмяшчае імёны некалькіх дзясяткаў тысяч рэпрэсаваных. Ігар Станкевіч вывучае свой род і ў працэсе збору матэрыялаў знайшоў яшчэ траіх рэпрэсаваных, якіх не было ў ніводным даступным сьпісе.

Апублікавана ў Рознае