Друкаваць гэтую старонку
Серада, 17 Ліпень 2019

Улады адмовіліся разьмяшчаць у Віцебску шыльды зь гістарычнымі назвамі вуліцаў

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Шыльда ў Пружанах. Фота: Зьміцер Юркшайціс (Courtesy Photo) Шыльда ў Пружанах. Фота: Зьміцер Юркшайціс (Courtesy Photo)

Віцебскія актывісты грамадзкага аб’яднаньня “Альтэрнатыва” сабралі каля 1000 подпісаў пад зваротам у Віцебскі гарвыканкам з прапановай разьмясьціць у цэнтры гораду шыльдачкі з гістарычнымі назвамі вуліцаў. Нядаўна атрымалі адказ. Улады пішуць, што нанясеньне гістарычных назваў “можа прынесьці пэўныя нязручнасьці для жыхароў і гасьцей гораду…”

Прапанова ўсталяваць шыльды зь пералікам гістарычных назваў тычылася 14-ці цэнтральных вуліцаў Віцебску – Леніна, Суворава, Талстога, Камсамольскай, Рэвалюцыйнай, Кастрычніцкай, Пушкіна, Путна, камісара Крылова, Энгельса, Урыцкага, Савецкай, Кірава, Шубіна, праспэкту Фрунзэ, а таксама плошчы Леніна.

Ініцыятары прапановы абапіраліся на досьвед іншых беларускіх гарадоў, напрыклад Менску, Горадні, Баранавічаў, Пружанаў ды іншых. На думку актывістаў, усталяваньне шыльдаў са спрадвечнымі назвамі вуліцаў дапаможа захаваць Віцебску сваё гістарычнае аблічча, падкрэсьліць сваё мінулае ды прывабіць турыстаў.

Не атрымалася.

“Гораду Віцебску ў гэтым годзе спаўняецца 1045 гадоў, падчас якіх гарадзкія вуліцы неаднаразова зьмянялі свае назвы. Нанясеньне ўсіх гістарычных назваў вуліц на аншлягі ня будзе садзейнічаць падтрыманьню адзінай канцэпцыі афармленьня гістарычнай часткі гораду, зможа прынесьці пэўныя нязручнасьці для жыхароў і гасьцей гораду”, – піша ў адказе актывістам “Альтэрнатывы” намесьнік старшыні Віцебскага гарвыканкаму Віктар Глушын.

Якія нязручнасьці гэта можа прынесьці віцяблянам і гасьцям гораду, чыноўнік не ўдакладняе.

Затое спасылаецца на тое, што выраб і ўстаноўка аншлягаў пацягне за сабой значныя фінансавыя выдаткі.

Стваральнік “Альтэрнатывы” Алег Корбан, камэнтуючы ў сацсетках адказ гарвыканкаму на калектыўны зварот, піша, што такія адпіскі чыноўнікі хай пакінуць сабе.

“Мы ж падкрэсьлівалі ў звароце, што, калі няма грошай у вашым бюджэце, – не праблема, назавіце суму для вырабу шыльдачак, мы хутка назьбіраем. Дык не, высокія чыны гэтага не разумеюць, і ня хочуць разумець… А гэтае рашэньне будзем абскарджваць, такія адпіскі хай пакінуць сабе”, – напісаў Алег Корбан.

Між тым, намесьнік старшыні гарвыканкаму Віктар Глушын абяцае ў адказе, што “прапанова аб усталяваньні шыльдаў зь гістарычнымі назвамі вуліцаў прынятая да ўвагі і будзе ўлічаная ў працы”.

Зьміцер Міраш