Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 14 Сакавік 2019

Віцяблянін стварыў інтэрактыўную мапу месцаў сталінскіх расстрэлаў

Ацаніць гэты матэрыял
(13 галасоў)
Андрусь Кешанюк. Фота: racyja.com Андрусь Кешанюк. Фота: racyja.com

Віцебскі актывіст Андрусь Кешанюк зрабіў першую ў рэгіёне інтэрактыўную мапу месцаў сталінскіх расстрэлаў. Пазначыў на ёй вёскі Паляі, Хайсы, “25-ты кілямэтар па Гарадоцкай шашы”, дзе, паводле ўспамінаў старажылаў і дасьледаваньняў гісторыкаў, у 1930-я гады расстрэльвалі мірных жыхароў, паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.

Мапа будзе дапрацоўвацца ў парадку адкрыцьця новых зьвестак пра масавая пахаваньні ахвяраў сталінскага тэрору.

Паводле Андруся Кешанюка, патрэба зрабіць гэтую мапу насьпела, бо ў апошнія гады ўзрасла цікаўнасьць да гэтага пэрыяду гісторыі, але ня ўсе ведаюць, як знайсьці жалобныя месцы.

“Нельга забывацца на тыя страшэнныя злачынствы, якія былі ў тыя гады. Гэтая мапа, напэўна, дасьць магчымасьць проста ведаць, каб на дні памяці занесьці туды кветкі. У людзей павінна быць інфармацыя, каб яны маглі туды дабрацца і нейкім чынам ушанаваць памяць”, – кажа актывіст.

На інтэрактыўнай мапе Андрусь Кешанюк разьмясьціў геаграфічныя каардынаты і кароткія зьвесткі пра гісторыю адкрыцьця трагічнай таямніцы гэтых мясьцінаў. Стваральнік гатовы працягваць гэтую працу. Неўзабаве на мапе зьявяцца зьвесткі пра так званы “Цёплы лес” – яшчэ адно месца сталінскіх расстрэлаў пад Віцебскам.