Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 31 Студзень 2019

Віцебчукі хочуць, каб абласная бібліятэка насіла імя Васіля Быкава

Ацаніць гэты матэрыял
(8 галасоў)

Актывісты аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» ініцыявалі збор подпісаў за перайменаваньне Віцебскай абласной бібліятэкі імя Леніна ў гонар пісьменьніка Васіля Быкава. Карэспандэнт ВВ сустрэўся зь імі ў бібліятэцы падчас непасрэднай працы – ішоў бойкі працэс збору подпісаў.

Наведвальнікі бібліятэкі па-рознаму рэагавалі на просьбу актывістаў паставіць свой подпіс у адпаведным блянку: хтосьці з задавальненьнем запаўняў патрэбныя радкі, а хтосьці, нават не выслухаўшы ды канца, пра што вядзецца, махаў рукамі і сьпешна ўцякаў. Было бачна, што багата грамадзян напалоханыя і ставіць подпісы пад любой ініцыятывай, якая не зыходзіць ад уладаў, асьцерагаюцца.

Але нічога радыкальнага і супрацьпраўнага ў тэксьце не зьмяшчаецца. Наадварот, усё вельмі карэктна і абгрунтавана. «Мы, жыхары Віцебску, канстатуем, што імя У. І. Леніна, якое носіць галоўная ўстанова культуры Віцебскай вобласьці, – абласная бібліятэка, не адпавядае часу, не зьяўляецца нацыянальна апраўданым і значным», – гаворыцца ў калектыўным звароце.

Як паведаміла Тацяна Севярынец, адна з ініцыятарак гэтай акцыі, зьбіраюць яны подпісы цалкам легальна – з дазволу адміністрацыі бібліятэкі. Больш таго, паводле яе, кіраўніцтва гэтай установы зусім ня супраць таго, каб бібліятэка была перайменаваная ў гонар вядомага беларускага пісьменьніка. А вось мясцовыя чыноўнікі абласной і гарадзкой адміністрацыяў катэгарычна супраць. Аб прычынах такой ўпартасьці мясцовых вэртыкальшчыкаў можна толькі здагадвацца – ці то яны зьяўляюцца прыхільнікамі камуністычных ідэалаў, ці проста не чыталі беларускай клясыкі.

Вось што распавяла спадарыня Тацяна:

– Я ведаю, што гэта ня першая такая спроба перайменаваць бібліятэку імя Леніна ў бібліятэку імя Васіля Быкава. Больш годнага напаміну і ўшанаваньня ў Віцебску ня можа быць. Быкаў тут вучыўся ў мастацкай школе. І ёсьць, дзякуй Богу, шыльда. Зрабілі шыльду дзякуючы намаганьням ТБМ. Ёсьць барэльеф – мы заўсёды там зьбіраемся ў дзень народзінаў нашага земляка перад тым, як паехаць у Бычкі. Але ні вуліцы Быкава, ні бібліятэкі ў яго гонар няма. А ўсё ж такі я лічу, што Віцебск, як беларускі старажытны горад, павінен ушанаваць усіх таленавітых літаратараў і пісьменьнікаў – усіх тых, хто далі славу Беларусі. І менавіта Васіль Быкаў заслугоўвае як ніхто іншы, каб бібліятэка была ня Леніна, а ўсё-ткі імя Васіля Быкава.

Пасьля таго як будзе завершаны збор подпісаў, іх мяркуецца перадаць у Віцебскі абласны выканаўчы камітэт і абласны савет дэпутатаў.

Уладзімер Бяляўскі