Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 24 Верасень 2018

У Наваполацку абмеркавалі люстрацыю ў будучай Беларусі

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Валянціна Сьвяцкая Валянціна Сьвяцкая

У Наваполацку 21 верасьня адбылася сустрэча грамадзкіх актывістаў з Валянцінай Сьвяцкай. Удзельнікі сустрэчы пазнаёміліся з «Канцэпцыяй люстрацыі для Беларусі» – прынцыпамі прыцягненьня да адказнасьці чыноўнікаў,  якія парушаюць правы грамадзян.

Валянціна Сьвяцкая працавала кіраўніком Сакратарыяту Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь 13-га скліканьня. Пасьля разгромнай выбарчай кампаніі 2010 году стала каардынатарам ініцыятывы грамадзкасьці «Люстрацыя для Беларусі». Галоўнай задачай люстрацыі, паводле Сьвяцкай, ёсьць «не дапусьціць людзей, якія зьдзяйсьнялі злачынствы супраць свабоды і правоў грамадзян, да кіраваньня новай Беларусі. Для старту новай Беларусі трэба прызнаць, што рэжым, які існаваў да таго, сапраўды быў злачынным. Бяз гэтага люстрацыя ня мае сэнсу...»

Абмежаваньне ў правох для былых дзяржаўных чыноўнікаў павінна адбывацца толькі на падставе закону, які будзе прыняты ў новай Беларусі. Канцэпцыя люстрацыі, пра якую распавяла Сьвяцкая, зьяўляецца навуковай працай. Гэтая праца стане асновай для будучага закону. Канцэпцыя адказвае на пытаньні:

  • Да каго будуць прымяняцца абмежаваньні ў правох?
  • Які пэрыяд гісторыі Беларусі будзе разглядацца для выяўленьня злачынстваў супраць правоў грамадзян?
  • Якой будзе працэдура, і хто яе будзе ажыцьцяўляць?
  • Якая мэта і маральная аснова абмежаваньня ў правох?

Канцэпцыя люстрацыі прадугледжвае і рэабілітацыю грамадзян, пацярпелых ад парушэньня іх правоў злачынным рэжымам. Мяркуецца ўлічваць злачынствы двух пэрыядаў гісторыі Беларусі: савецкага да 1991 году і найноўшага часу з 1995-96 гадоў.

На сустрэчу сабраліся грамадзкія актывісты з Наваполацку, Полацку і Верхнядзьвінску – каля 15-ці чалавек. Многія зь іх зьяўляюцца сябрамі дэмакратычных прафсаюзаў Беларусі і падвяргаюцца дыскрымінацыі на працы за ўдзел у прафсаюзе і грамадзкую дзейнасьць. Адметнасьцю беларускай сытуацыі ёсьць тое, што да формаў масавых парушэньняў правоў грамадзян, апроч іншага, аднесены і ціск на работнікаў праз часовыя працоўных кантракты і дыскрымінацыя сяброў незалежных прафсаюзаў.

Прысутныя задавалі пытаньні пра досьвед люстрацыі ў іншых краінах. Сьвяцкая адзначыла, што ідэальнага варыянту люстрацыі не існуе. Але досьвед паказаў: люстрацыю трэба ладзіць у новай Беларусі без прамаруджаньня, каб не дапусьціць да кіраваньня краінай асоб, якія парушалі правы грамадзян у мінулым. Асабліва выканаўчая, заканадаўчая і судовая ўлады павінны быць ачышчаныя ад чыноўнікаў – парушальнікаў правоў грамадзян.

Напрыканцы сустрэчы Валянціна Сьвяцкая падарыла ўдзельнікам брашуру «Канцэпцыя люстрацыі для Беларусі» і папрасіла пасьля азнаямленьня зь ёй даслаць свае прапановы і заўвагі што да будучай люстрацыі.

Аляксандар Марозаў