Друкаваць гэтую старонку
Субота, 04 Жнівень 2018

Улады не зьбіраюцца прызнаваць пахаваньні ля Хайсоў месцам сталінскіх рэпрэсіяў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Ян Дзяржаўцаў Ян Дзяржаўцаў

Пісьмовы адказ зь Віцебскага райвыканкаму на калектыўны зварот, атрыманы 25 ліпеня, не дадаў аптымізму сябрам ініцыятывы «Хайсы». Чацьвёрты год актывісты дамагаюцца ад мясцовых уладаў прызнаць датычнасьць пахаваньняў у ваколіцах вёсак Дрыкольле і Хайсы (Віцебскі раён) да рэпрэсіяў часоў сталінізму.

27 чэрвеня прадстаўнікі ініцыятывы трапілі на прыём да старшыні райвыканкаму Генадзя Сабыніча. Шчырай размовы не атрымалася: архіўна-дасьледчая праца вядзецца, але дакладна ідэнтыфікаваць час пахаваньняў пакуль не атрымліваецца. Археоляг 52-га пошукавага батальёну Вадзім Тамілін суадносіць іх з пэрыядам Другой сусьветнай вайны – і гэта афіцыйная вэрсія ўладаў. Меркаваньне ж старэйшага навуковага супрацоўніка АН Алега Іова, які таксама ўдзельнічаў у эксгумацыі парэшткаў, што ў магілах косткі рэпрэсаваных, пад увагу не бярэцца.

Пасьля размовы з кіраўніком выканкаму актывісты перадалі яму пісьмовы зварот, на які цяпер і атрымалі адказ.

У звароце грамадзяне прапанавалі даць ім магчымасьць азнаёміцца з афіцыйнымі заключэньнямі 52-га пошукавага батальёну, сьледчага камітэту, вынікамі экспэртызаў... Выказалі актывісты і жаданьне правесьці сумеснае паседжаньне з аргкамітэтам па ўшанаваньні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войнаў Віцебскага райвыканкаму, каб абмеркаваць пытаньні годнага пахаваньня знойдзеных парэшткаў. Прапанавалі таксама зрабіць неабходныя захады па адвядзеньні зямельнага ўчастку пад брацкія магілы на ўскрайку ляснога масіву, дзе парэшткі былі знойдзеныя. А само месца пахаваньняў прапанавалі афіцыйна прызнаць мэмарыялам у памяць бязьвінна забітых ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

Як і меркавалася, на ніводную прапанову актывістаў райвыканкам ня даў станоўчага адказу: у выдачы копіяў дакумэнтаў было адмоўлена; адвядзеньне ўчастку пад могілкі палічанае немэтазгодным, бо, маўляў, усе парэшткі з зямлі вынятыя; вызначыць дакладны час пахаваньняў не ўяўляецца магчымым, таму косткі пахаваюць на цывільных могілках. Пахаваньне паставяць на дзяржаўны ўлік, і ў выпадку дакладнай часавай ідэнтыфікацыі парэшткаў усталююць памятны знак з адпаведным надпісам. Пра час і месца пахаваньняў парэшткаў 302-х чалавек можна будзе даведацца з газэты «Жыццё Прыдзвіння». Паказальна, але пра магчымасьць сумеснага паседжаньня аргкамітэту па ўшанаваньні і прадстаўнікоў грамадзкасьці ў адказе зусім не згадалі.

Ацэньваючы зьмест адказу з райвыканкаму, кіраўнік ініцыятывы «Хайсы» Ян Дзяржаўцаў абураецца цынічнаму падыходу ўладаў:

– Не сталі б немцы расстрэльваць з нагану, кольту, ТТ. Ды яшчэ адна куля ад маўзэру знойдзеная. Калі б там была хаця адна куля нямецкая, яшчэ можна было б пра нешта казацьь. Пра сьведчаньні мясцовых жыхароў, якія ведалі пра пахаваньні яшчэ з даваенных часоў, наогул не згадваецца. Жывых сьведкаў для ўлады нібыта не існуе.

Цяперашнія чыноўнікі будуць рабіць усё магчымае, каб зацягнуць справу высьвятленьня гістарычнай праўды. Яна ім непатрэбная. Пры магчымасьці яны будуць зацягваць высьвятленьне ажно да таго часу, каб і мы памерлі. Сёньняшняя ўлада адчувае сябе спадкаемцамі і пераемнікамі тае ўлады, і гэта адназначна. Але калі б зь Менску прыйшла каманда прызнаць, што ў Хайсах ляжаць рэпрэсаваныя, прызналі б назаўтра. Толькі будзе гэта ўжо пры іншай уладзе.

Яны кажуць, што КДБ нічога не вядома пра масавыя расстрэлы грамадзянаў і іх пахаваньні ў ваколіцах вёсак Хайсы і Дрыкольле ў гады рэпрэсіяў і вайны. Але як я магу ім верыць, калі на тры маіх запыты ў Віцебскае КДБ і адзін у Менскае яны адказалі, што яны нічога ня ведаюць пра масавыя пахаваньні рэпрэсаваных ані ў Віцебскім раёне, ані ў Віцебскай вобласьці. Людзі ведаюць, а яны ня ведаюць! І вы ў гэта паверыце?

С. Горкі