Друкаваць гэтую старонку
Нядзеля, 24 Чэрвень 2018

Актывісты ініцыятывы «Хайсы» працягваюць ставіць крыжы

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

22 чэрвеня сябры грамадзкай ініцыятывы «Хайсы» і мясцовыя жыхары на вясковых могілках ля вёскі Бараўляны Віцебскага раёну ўсталявалі мэталёвы крыж у памяць ваеннапалонных лягеру «Учдор – 756», пахаваных непадалёку. Крыж асьвяціў душпастыр віцебскіх грэка-каталікоў протапрэзьбітар Зьміцер Грышан.

Шыльда, прымацаваная да крыжа, інфармуе: «Крыж усталяваны ў памяць ваеннапалонных лягеру «Учдор – 756», расстраляных нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1941-1944 гадох». Лягер знаходзіўся непадалёку ад могілак, побач з былой паштовай станцыяй.

Дакладнае месца пахаваньня ваеннапалонных грамадзкім актывістам паказалі жыхарка вёскі Бараўляны Галіна Хаванская і яе сын Георгі, зь якімі старшыню грамадзкай ініцыятывы пазнаёміла стараста вёскі Бараўляны Юлія Ісачанка.

Дарэчы, Галіна Хаванская распавяла яшчэ пра адно трагічнае месца, зьвязанае з вайной. Як казала ёй маці, акупанты, хаваючы сьляды сваіх злачынстваў, кідалі ў мясцовае Бараўлянскае возера трупы забітых габрэяў.

Сымбалічны драўляны крыж ва ўшанаваньне забітых вязьняў лягеру ваеннапалонных, партызанаў і мірных жыхароў быў усталяваны на ўскрайку бараўлянскіх могілак яшчэ ў сьнежні 2015 году.

Тая акалічнасьць, што крыж не паставілі непасрэдна на месцы масавага пахаваньня, тлумачыцца тым, што яно знаходзіцца ў забалочанай мясцовасьці, бліжэй да шашы Віцебск – Гарадок. Усталяваны крыж і месца апошняга спачыну ваеннапалонных падзяляе сельскагаспадарчае поле.

Старшыня грамадзкай ініцыятывы Ян Дзяржаўцаў:

– Сёньня мы зрабілі добрую справу. Тут людзі, тут сьвятар. На жаль, за 27 гадоў незалежнай Беларусі тутэйшая ўлада не знайшла часу, каб хоць нейкім чынам абазначыць месца пахаваньня ваеннапалонных. З пункту гледжаньня савецкай ідэалёгіі, ваеннапалонныя – здраднікі. Мяркую, падобнае стаўленьне і ў цяперашніх ідэолягаў. Мы ж ставімся да іх як да ахвяраў вайны, па-чалавечы, па-хрысьціянску. Мы тут ужо ня першы раз, гэта для нас важна. Важна і для мясцовага жыхарства, якое памятае, якое хоча, каб іх памяць стала даступнай і для іншых.

С.Горкі

2 камэнтары