Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 25 Жнівень 2017

Грамадзкае аб'яднаньне «Хайсы» спрабуе зарэгістравацца

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Ян Дзяржаўцаў Ян Дзяржаўцаў

Сябры гісторыка-асьветніцкага грамадзкага аб'яднаньня «Хайсы» падалі ў галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Віцебскага аблвыканкаму неабходныя для рэгістрацыі дакумэнты.

Асноўнай мэтай сваёй дзейнасьці актывісты аб'яднаньня вызначылі як выяўленьне і захаваньне «сьведчаньняў і месцаў масавых палітычных рэпрэсіяў на тэрыторыі Віцебскай вобласьці». Таксама грамадзкае аб'яднаньне плянуе займацца адукацыйнай, асьветніцкай, інфармацыйнай і сацыяльнай дзейнасьцю.

Рада аб'яднаньня была абраная на ўстаноўчым сходзе арганізацыі, што адбыўся 15 ліпеня ў Віцебску. Старшынём рады стаў Ян Дзяржаўцаў, з ініцыятывы якога паўстала арганізацыя і распачалася праца па ўшанаваньні ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у ваколіцах Віцебску.

Як распавёў кіраўнік аб'яднаньня, з улікам агульнай закрытасьці тэмы сталінскіх рэпрэсіяў у краіне, надзеяў на тое, што арганізацыю зарэгіструюць сягоньня, небагата. На цяперашні час архівы КДБ зачыненыя, і доступу да інфармацыі, якая была адкрытая ў 1990-х гадох, няма.

У 2015 годзе Ян Дзяржаўцаў тройчы зьвяртаўся ў КДБ па інфармацыю пра месцы масавых расстрэлаў на тэрыторыях Мазалаўскага сельскага савету, Віцебскага раёну ды Віцебскай вобласьці. І тройчы абласны ды рэспубліканскі КДБ адказвалі, што такой інфармацыяй яны не валодаюць. Таму на сёньня асноўнымі крыніцамі інфармацыі застаюцца сьведчаньні грамадзянаў, вынікі раскопак 52-га пошукавага батальёну ды інфармацыя, назапашаная гісторыкамі пры канцы мінулага стагодзьдзя за часам адноснай свабоды.

С. Горкі