Друкаваць гэтую старонку
Серада, 09 Жнівень 2017

Вяскоўцам удалося змусіць чыноўнікаў пачуць іх голас

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Алена Янушкоўская Алена Янушкоўская

Да канца году можа быць вырашаная праблема водаправоднага забесьпячэньня вёскі Суйкава. У гэтым 9 жніўня грамадзкіх актывістаў запэўніў старшыня адміністрацыі Віцебскага раёну Генадзь Сабыніч. Пра падрабязнасьці сустрэчы ў Віцебскім райвыканкаме распавяла нашаму карэспандэнту актывістка Алена Янушкоўская.

На сустрэчы Генадзь Сабыніч паведаміў, што на правядзеньне неабходных работ ужо выдзелена трыццаць тысячаў рублёў. Найперш на водазабесьпячэньне вуліцы Партызанскай. Паводле словаў раённага кіраўніка, зараз ідзе падрыхтоўка неабходнай дакумэнтацыі, і работы мусяць распачацца цягам тыдня. Акрамя таго, райвыканкам напісаў у аблвыканкам хадайніцтва пра выдзяленьне дадатковых сродкаў для завяршэньня поўнага водазабесьпячэньня вёскі да канца бягучага году.

Са свайго боку вяскоўцы, зацікаўленыя ў найхутчэйшым вырашэньні праблемы, гатовыя падтрымаць намаганьні раённай улады і мяркуюць ад свайго імя таксама напісаць зварот у аблвыканкам пра выдзяленьне грашовых сродкаў, якіх не хапае. І хаця ў тое, што такія сродкі будуць выдзеленыя, верыцца слаба, але вяскоўцы не губляюць надзеі.

Кіраўнік раённай вэртыкалі падзякаваў вяскоўцам за актыўную грамадзянскую пазыцыю, маючы на ўвазе іхны нядаўні зварот. У звароце грамадзяне прасілі паінфармаваць іх, на якой стадыі знаходзіцца распрацоўка праекту водазабесьпячэньня ў Суйкаве, якія работы будуць праводзіцца, колькі сродкаў выдзелена, і назваць канкрэтныя тэрміны рэалізацыі гэтага праекту.

Пасьля абмеркаваньня асноўнага пытаньня Алена Янушкоўская закранула і некалькі іншых надзённых праблемаў: адсутнасьць сьметніц, занядбанасьць каналізацыйных калодзежаў, неўладкаванасьць часткі вясковых дарог. Узьняла актывістка і праблему беспрацоўя на вёсцы, якая абвастрылася праз банкруцтва КУСГП «Пестуніца». Старшыня райвыканкаму параіў вяскоўцам шукаць працу ў абласным цэнтры, на што спадарыня Алена зазначыла, што і ў горадзе адчуваецца брак працоўных месцаў. 

Алена Янушкоўская мяркуе, што ў цэлым размова была прадукцыўнайю Як той казаў, бязь лішніх словаў. 

Ужо пры канцы гутаркі з нашым карэспандэнтам грамадзкая актывістка паведаміла, што днямі аналягічная праблема ўзьнікла і ў жыхароў вёскі Тапорына, дзе ад воданапорнай вежы адлучылі калёнкі, і вяскоўцы цяпер вымушаныя самастойна шукаць іншыя магчымасьці ўласнага водазабесьпячэньня.

С. Горкі