Друкаваць гэтую старонку
Нядзеля, 21 Красавік 2013

Віцебскія сябры партыі БНФ патрабуюць аднаўленьня помнікаў у Смалянах

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Смалянах Касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Смалянах Фота: Alex Zelenko

Старшыня абласной арганізацыі партыі БНФ Леанід Аўтухоў зьвярнуўся да старшыні аблвыканкаму Аляксандра Косінца са скаргай на дзеяньні адказных асобаў, якія дапусьцілі руйнаваньне гістарычнага будынку ў вёсцы Смаляны Аршанскага раёну. У скарзе ёсьць і канкрэтныя прапановы, як зрабіць гэтую вёску «турыстычнай Мэкай усходняй Беларусі». Для гэтага ёсьць усе падставы, бо «колькасьць і каштоўнасьць помнікаў у Смалянах нават большая, чымсьці ў такіх турыстычных цэнтрах краіны, як Мір і Нясьвіж», піша Леанід Аўтухоў. Таму партыйцы просяць «неадкладна прыняць праграму па ахове і рэстаўрацыі ўсіх помнікаў, што знаходзяцца ў Смалянах і правесьці археалягічныя дасьледаваньні комплексу дамініканскага кляштару ў Смалянах з абавязковым прыцягненьнем адмыслоўцаў Акадэміі навук».

А што да інцыдэнту, які адбыўся ў Смалянах 17 красавіка, калі толькі пратэсты шырокай грамадзкасьці дапамаглі спыніць канчатковае зьнішчэньне кляштарнага будынку ля дамініканскага касьцёлу Найсьвяцейшай Панны Марыі, трэба ня толькі пакараць вінаватых, але і стварыць адпаведную службу ці ў складзе наяўных праваахоўных ворганаў, ці ў якасьці асобнай спэцслужбы, як, прыкладам, у Італіі або Эгіпце, каб аказваць супраціў нелегальнаму рабаваньню гісторыка-археалягічна-мастацкай спадчыны. Бо ў Смальянах, у прыватнасьці, ужо былі выпадкі, калі «чорныя капальнікі» рабавалі старажытныя пахаваньні. Падобнае можа адбыцца і цяпер, калі не спыніць ахвотных да саматужных раскопак на тэрыторыі дамініканскага кляштару, дзе спэцтэхнікай ужо вырытыя 2 яміны, куды зьбіраліся скінуць парэшткі зруйнаванага кляштарнага будынку.

Крыніца: Радыё Свабода