Друкаваць гэтую старонку
Нядзеля, 11 Май 2014

У Воршы ствараецца Рада народных прадстаўнікоў (відэа)

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Алесь Шутаў Алесь Шутаў

Пастаянна дзеючы кансультацыйны орган зь ліку тых прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадзкасьці, што балятаваліся ў мясцовыя органы ўлады на мінулых выбарах, мяркуецца стварыць у Воршы. Пра гэта паведаміў Алесь Шутаў (на фота), сябра партыі БНФ і ўдзельнік кампаніі «Гавары праўду». «Рада народных прадстаўнікоў» – гэткую папярэднюю назву мае ствараны орган.

«За кожнага з гэтых кандыдатаў прагаласавала тая ці іншая колькасьць выбаршчыкаў. Значыцца, гэтыя людзі могуць сказаць, што яны абапіраюцца на падтрымку тых людзей, якія за іх рэальна прагаласавалі. Некаторыя нашы кандыдаты нават паводле афіцыйных лічбаў набралі больш за 500 галасоў. Значыць, чалавек можа сказаць: я прадстаўляю думку пяцісот чалавек – і гэта праўда», – распавёў Алесь Шутаў.

Мяркуецца, што былыя альтэрнатыўныя кандыдаты, аб’яднаўшыся, змогуць выпрацоўваць рэкамэндацыі для гарадзкіх і раённых уладаў наконт вырашэньня тых ці іншых мясцовых праблем. Сярод такіх праблемаў – вырашэньне пытаньняў эканомікі, экалёгіі, культуры, сацыяльнай палітыкі і г.д. на мясцовым узроўні.