Друкаваць гэтую старонку
Серада, 14 Верасень 2022

Цэх для выпуску беларускай вакцыны ад ковіду збудуюць ля могільніку жывёлы

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Грамадскае аб’яднанне «Экадом» звярнула ўвагу на справаздачу аб уплыве на асяроддзе будаўніцтва цэху ў Віцебскай вобласці, дзе збіраюцца вырабляць вакцыну ад каронавірусу. У гэтай справаздачы бачна, што з пляцоўкай суседнічае могільнік жывёлы, які можа кепска ўплываць на водныя рэсурсы. Ліквідацыя могільніка толькі «рэкамендаваная», але ніякіх праектных работаў адносна гэтага прадугледжаная. Пра гэта піша Белсат.

«Могільнік быдла выкарыстоўваўся для пахавання трупаў жывёлаў пасля выпрабавання на іх эфектыўнасці вакцынаў, якія вырабляюцца на прадпрыемстве. Ён дастаткова глыбокі, – тлумачыць «Экадом». – У парушэнне экалагічных і санітарна-гігіенічных нормаў могільнік размешчаны ў водаахоўнай зоне возера Доўжа і ў зоне санітарнай аховы артэзіянскай свідравіны.

Гэтая свідравіна служыць для водазабеспячэння ўсяго населенага пункта Доўжа і самога «БелВітуніфарму». Гэта значыць, у цяперашні момант выкарыстоўваецца вада, на якую гэты могільнік можа аказаць уплыў. У тым ліку мы гаворым аб вадзе, якая будзе выкарыстоўвацца ў тэхналагічным працэсе падрыхтоўкі вакцынаў».

Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб будаўніцтве цэху ў Доўжы 3 лістапада 2021 года. Ён абяцаў аналаг замежнай вакцыны ад COVID-19, «які павінен быць роўны па эфектыўнасці лепшым узорам іншых краінаў, а па кошце, натуральна, танней». На другім этапе праекту запланаванае будаўніцтва да 2023-2024 года вытворчага комплексу, які будзе вырабляць вакцыну па поўным цыкле. Тэсты беларускай вакцыны праводзяць з пачатку 2022 года. У жніўні Лукашэнка казаў, што вакцыну пачнуць разліваць ужо неўзабаве.

Сама ідэя вырабляць уласную вакцыну ад каронавірусу сумнеўная: можа атрымацца нявыгадны і стратны праект, тлумачыў «Белсату» былы прэзідэнт Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Вайтовіч.