Друкаваць гэтую старонку
Серада, 06 Снежань 2017

Хто чысьціць нашае лайно? Рэпартаж з ачышчальных збудаваньняў Віцебску

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ачышчальныя збудаваньні Віцебску Ачышчальныя збудаваньні Віцебску

Сюды варта было б прыводзіць экскурсіі. Школьнікаў, студэнтаў, пэнсіянэраў – усіх. Каб нагадаць, на чым трымаецца наша чысьцюткая, рафінаваная і вельмі грэблівая ў век аднаразовых сурвэтак чалавечая цывілізацыя. Каб узгадалі, што такое горад, жыцьцё і людзі. І няма чаго заціскаць нос. Бо сваё лайно – ня пахне…

Змылі і забыліся?

Не, не заўсёды. Думка пра тое, а што там адбываецца, на тым канцы ўнітаза, раз-пораз прыходзіць бадай да кожнага грамадзяніна. І прыходзіць зазвычай тады, калі грамадзянін гэты толькі-толькі ўладкоўваецца на сядалішчы, каб справіць неадкладную патрэбу. Што праўда, думка гэтая такая мімалётная і сарамлівая, што і думаць яе ня хочацца. Але давайце думаць.

На тым канцы, у цэху мэханічнага ачышчэньня ўсіх гарадзкіх сьцёкаў, стаіць такі самы, як і мы, чалавек. Стаіць і разграбае ўсё нашае лайно, якое сплывае з усяго гораду ў адно месца – на ачышчальныя збудаваньні прадпрыемства “Віцебскводаканал”. Немаведама, што гэты чалавек думае падчас працы, і нават страшна падумаць, якія словы ён час ад часу ўжывае. Але сто адсоткаў – гэта вельмі моцныя словы. А сам гэты чалавек вельмі моцны духам. Бо ў нас гэтага самага духу хапіла толькі на адну хвіліну…

На тэрыторыі ачышчальных збудаваньняў

Галоўнае вось што: на тым канцы каналізацыі – таксама людзі. Прыемныя і прыгожыя, якія робяць важную і высакародную працу. Вось пра што трэба памятаць. А ўжо за гэтымі людзьмі – распасьціраюцца  рэкі, азёры, лясы і ўся нашая, такая чысьцюткая, рафінаваная і сінявокая, Беларусь. Але хопіць лірыкі.

Троху лічбаў

  • Агульная працягласьць віцебскай каналізацыйнай сеткі складае прыкладна 600 км. Зразумела, гэтая лічба штогод павялічваецца.
  • Ачышчальныя збудаваньні прапускаюць празь сябе штодзень каля 80-100 тыс. мэтраў кубічных забруджанай вады. Ад прамысловых і ад звычайных спажыўцоў – усё сюды. На ўсялякі выпадак, 1 куб – гэта тысяча літраў. Лічыце.
  • І штодзень акурат з гэтага цэху вывозяць на гарадзкую звалку, як мінімум, адзін паўнюткі прычэп ведаеце чаго? Цяпер ведаеце: вывозяць цэлы воз аднаразовых вільготных сурвэтак, якія ніяк не расчыняюцца у віцебскай вадзе.

Адкіды пасьля мэханічнага ачышчэньня 

– У нас вельмі непрадказальная праца, поўная сюрпрызаў, – жартуе кіраўнік цэху ачышчальных збудаваньняў Ганна Галуза. –  І хацелася б, канечне, падвышаць узровень ведаў і культуры насельніцтва. Бо чым менш мэханічных забруджваньняў, тым лягчэй нам працаваць. А ў выніку – менш адкідаў і менш выдаткаў.

Асноўны работнік – глей…

Гэта амаль што стратэгічны аб’ект. Бо калі ўявіць сабе, што можа здарыцца, калі праца ачышчальнікаў прыпыніцца на некалькі дзён ці тыдняў, то робіцца моташна. Прадпрыемства працуе безупынна.

Пасьля першаснага (мэханічнага) ачышчэньня адбываецца так званае біялягічнае ачышчэньне вады. Мы стаім над вялікім рэзэрвуарам глыбінёй 6 мэтраў. Вада, ачышчаная ад мэханічных забруджваньняў, перамешваецца тут з актыўным біярэчывам – глеем. 

Тут адбываецца біяачышчэньне вады

– Менавіта тут адбываецца працэс ачышчэньня – шляхам біяцэнозу, – распавядае галоўны тэхноляг Лідзія Віхляева. – Папросту кажучы, мікраарганізмы, якія знаходзяцца ў глеі, “кормяцца” забруджваньнямі і перапрацоўваць іх. Потым глеевая сумесь пераходзіць у другасны адстойнік. Там глей ападае і вяртаецца назад, а чыстая вада вяртаецца ў прыроду – у рэчышча Дзьвіны.

Глей – жывы

Лідзія Віхляева называе глей “галоўным работнікам” ачышчальных збудаваньняў. Тут наогул усе гавораць пра глей як пра жывую істоту.

“Дык ён і ёсьць жывы!” – кажа Ганна Галуза і вядзе нас у лябараторыю, каб мы паназіралі ў мікраскоп, як бактэрыі і мікраарганізмы зьнішчаюць увесь хімічны бруд у вадзе. Проста паядаюць яго. Начальнік лябараторыі называе глей “сэрцам ачышчальнай сыстэмы”.

Наглядна: у цэнтральнай коўбе "працуе" глей, у трэцяй - ужо чыстая вада

Жывы, мы ўпэўніліся. Але ўсё жывое патрабуе куды больш увагі і выдаткаў. Па-першае, акрамя “ежы” (з гэтым праблем няма – корміцца забруджваньнямі), глей патрабуе шмат кіслароду, каб акісьліць усю арганіку. Гэтак, на комплекс біяачышчэньня на 1 м3 вады падаецца 10 “кубоў” кампрэсаванага паветра. Працэс вельмі энэргаёмісты.

Па-другое, як і кожная жывая істота, глей з часам прырастае ў аб’ёме і колькасьці – размнажаецца. У выніку атрымліваецца залішак актыўнага глею. Пастаянна ўтрымліваць гэты залішні глей у працэсе не выпадае, бо ён пачынае “галадаць”. Таму з канца 1960-х гадоў залішак глею перапампоўваюць з ачышчальных збудаваньняў на так званыя глеевыя пляцоўкі, дзе ён сушыцца ў якасьці “адкіду вытворчасьці”.

Тут мы ўсутыч падышлі да тэмы, якую ўзьнялі ў нашым нядаўнім матэрыяле пра нядобры пах у вёсцы Дабрэйка.  

Лёс прадмесьця

Мы ня будзем пераказваць зьмест артыкулу. У вёсцы Дабрэйка пад Віцебскам сапраўды пэрыядычна, у залежнасьці ад напрамку ветру, адчуваецца непрыемны пах з глеевых пляцовак. І з гэтым ужо нічога не паробіш. Глеевыя ставы не перасунеш і не накрыеш каўпаком, бо займаюць плошчу каля 48 га. Цяпер гэта трэба ўспрымаць як дадзенасьць. І не забывацца, што гэта – “прадукт” жыцьцядзейнасьці ўсяго гораду.

У гэтым сэнсе Дабрэйка падзяляе лёс многіх прадмесьцяў вялікіх гарадоў ва ўсім сьвеце. Бо падобная сытуацыя назіраецца паўсюль. Сучасны працэс ачышчэньня забруджанай вады немагчымы бяз глею, а значыцца – і без яго лішкаў, якія трэба недзе захоўваць.

Ён і захоўваецца, захопліваючы ўсё новыя тэрыторыі.

І тут увага: Віцебск можа стаць першым горадам у Беларусі, дзе глей у якасьці адкіду пачнуць перапрацоўваць і тым самым (з часам) зьмяншаць плошчы глеевых ставоў.

Пра матывы жыхароў Дабрэйкі, у якіх праект будаўніцтва для кампаставаньня глеевых асадкаў выклікаў абурэньне і супраціў, мы расказалі падрабязна. Галоўны ж аргумэнт супрацоўнікаў ачышчальных збудаваньняў такі: будуй альбо не будуй – непрыемны пах са ставоў пакуль што нікуды ня дзенецца. Але рэалізацыя праекту дасьць магчымасьць зьменшыць тэрыторыю ставоў, адсунуць іх межы далей ад жылых забудоваў і ў выніку – зьменшыць той самы смурод.

Кампаставаньне і цыркулярная эканоміка

Начальнік цэху ачышчальных збудаваньняў Ганна Галуза паказвае нам прэзэнтацыю праекту. Акцэнтуе ўвагу на тое, што кампаставаньне глею – гэта выдатны прыклад цыркулярнай эканомікі, якая ва ўсім сьвеце зараз у трэндзе. І расказвае пра тэхналёгію:  

– Актыўны глей сам па сабе бясьпечны адкід. Прыкладна такі ж, як звычайны глей на балотах. Толькі наш глей карміўся забруджваньнямі, таму мае спэцыфічны пах. Пры кампаставаньні ён падсушваецца, пры неабходнасьці – зьмешваецца з напаўняльнікамі, і атрымліваецца кампост, які можна выкарыстоўваць, напрыклад, у расьлінаводзтве. Ці нават у якасьці газонаў. Альбо – пры рэкультывацыі зямель.

Начальнік цэху ачышчальных збудаваньняў Ганна Галуза

Кажа, што падрыхтоўка да гэтага кроку вялася доўга – зь 2010 году. Ужо распрацаваныя тэхумовы. Ёсьць і экспэрымэнтальныя вынікі. Паказвае, уласна, тое, што будзе атрымлівацца пасьля кампаставаньня глею. Нюхаем гранулы – пахне звычайнай зямлёй.

Вось што атрымліваецца пасьля кампаставаньня глею

Распавядае, што на гэтым прадукце перапрацоўкі на экспэрымэнтальнай клюмбе ўжо вырасьцілі шыкоўныя кветкі.

“Гэта вельмі цяжкая і брудная праца”

– Гэта ж ня мы прыдумалі. Мэтад існуе ўжо даўно. Яго выкарыстоўваюць у Летуве, Латвіі, Польшчы, Фінляндыі. Да таго ж гэта самае простае, што можна зараз зрабіць, – кажа Ганна Галуза. – Зараз актыўна гавораць пра цыркулярную эканоміку. Гэта калі адкід становіцца рэсурсам для наступнага вытворчага працэсу. Дык вось перапрацоўка асадкаў у кампост і ёсьць прыкладам такога падыходу. Круг замыкаецца. Адкідаў няма, – запэўнівае.

Дырэктарка выказвае вялікія спадзяваньні на тое, што, у рэшце рэшт, паразуменьне з жыхарамі Дабрэйкі будзе знойдзена.

– Бо чым даўжэй мы будзем прымаць рашэньне, тым больш там будзе назапашвацца асадку, тым больш часу спатрэбіцца для яго перапрацоўкі. Калі глеевыя пляцоўкі будуць і надалей пашырацца, то наогул могуць зрабіцца экалягічнай пагрозай. Бо гэта вельмі вялікая плошча, і ўжо трэба штосьці зь ёй рабіць. Пляцоўкі для кампаставаньня – нашы першыя крокі, – сьцьвярджае Ганна. 

Глеевыя ставы пад Віцебскам займаюць плошчу каля 48 га

– Так, прыйшоў час вырашаць праблему ўтылізацыі асадкаў. Паверце, гэта вельмі цяжкая і брудная праца. І мы гатовыя яе рабіць. Бо іншага выхаду няма, – падтрымлівае яе тэхноляг Лідзія Віхляева.

Як хутка зьменшыцца плошча ставоў

– Мусім разумець, што глеевыя пляцоўкі экплёатуюцца з 1960-х гадоў, аб’ём назапашанага асадку складае ўжо каля 4 млн. м3. Гэта вельмі шмат! Пляцоўка для кампаставаньня будзе зьніжаць гэтыя аб’ёмы. Але мы цяпер ня можам адным узмахам чароўнай палачкі ўзяць і спаражніць гэтыя глеевыя пляцоўкі. Гэта доўгатэрміновы і працаёмісты працэс. Магу запэўніць, што зь цягам часу пахнуць будзе менш, – запэўніла Лідзія Віхляева.

Лідзія Віхляева

– Калі гэта адбудзецца? Глей назапашвалі 50 гадоў, дык ня менш за 50 гадоў пойдзе на тое, каб ад яго пазбавіцца. Гэта і будзе праца для будучых пакаленьняў. Калі ня зробім зараз – пакінем яе нашым дзецям, – дадае.

На пытаньне, чаму ўсё ж не ўзялі на ўзбраеньне сучасны праект Fuеl Cal, пра які вядзецца ў справаздачы аб узьдзеяньні на навакольнае асяродзьдзе, тэхноляг ачышчальных збудаваньняў Віцебску адказала, што сучасных тэхналёгіяў зараз безьліч, але ўсе яны каштуюць вельмі шмат.

Удакладніла, што пытаньне ўтылізацыі залішняга глею, які атрымліваецца штодзень, будзе вырашацца ўжо ў іншым ракурсе. Але калі гаворка пра асадкі, што захоўваюцца ў ставах, то кампаставаньне, паводле яе словаў, “будзе найбольш бясьпечным, эканамічным і энэргетычна выгадным мэтадам”.

Яшчэ некалькі фактаў

Цікава, але яшчэ ў 1960-я гады ўсе гарадзкія сьцёкі скідваліся ў Дзьвіну без усялякага ачышчэньня.

Як распавядае вядучы інжынэр-тэхноляг ачышчальных збудаваньняў “Віцебскводаканалу” Людміла Галаўнёва, якая мае 40-гадовы стаж працы на прадпрыемстве, 40 гадоў таму “вада была больш брудная”. Бо было нашмат больш прамысловых скідаў (да 30% ад агульных сьцёкаў). Напрыклад, у той час аж 17 віцебскіх прадпрыемстваў працавалі з гальванікай і трэба было ачышчаць ваду ад медзі, нікелю, цынку, сьвінцу і г.д. Акрамя таго, шмат прадпрыемстваў мелі справу з нафтапрадуктамі. Канцэнтрацыя забруджваньняў даходзіла да 10-15 мг на 1 л.

Людміла Галаўнёва працуе на прадпрыемстве 40 гадоў

– Гэта была вельмі складаная і адказная праца. У сучасных умовах трошкі лягчэй, бо, напрыклад, з той жа гальванікай працуе зараз усяго 4 прадпрыемствы, а прамысловыя сьцёкі займаюць каля 10-12% ад агульнага аб’ёму, – расказвае Людміла Галаўнёва.

Кажа, што пільнай увагі патрабуюць цяпер гандлёвыя цэнтры, на якіх усталяваныя толькі пасткі для тлушчу, якія працуюць ня вельмі эфэктыўна. А самыя вострыя паказьнікі – па фэнолах і фармальдэгідах, гэта ў асноўным адкіды Віцебскага дрэваапрацоўчага камбінату.

– Але і яны ўжо зрабілі маленькія лякальныя ачышчальныя збудаваньні і стараюцца ня шкодзіць. Мы вельмі шчыльна працуем з усімі прадпрыемствамі, і яны прыслухоўваюцца да нашых рэкамэндацыяў, - распавяла Людміла Галаўнёва.

У лябараторыі

Патлумачыла, што цяпер аб’ём сьцёкаў стаў меншы, але бруду не паменела, а ягоная канцэнтрацыя павялічылася.

Ці піць з крану?

На разьвітаньне запытваемся, ці купаюцца супрацоўнікі ачышчальных збудаваньняў у Заходняй Дзьвіне.

Уваход на ачышчальныя збудаваньні Віцебску

– А чаму не? Мусім працаваць так, каб усе маглі піць ваду з крана і купацца ў рацэ. І мяркую, робім мы гэтую справу якасна, – адказала начальнік цэху ачышчальных збудаваньняў Ганна Галуза, паабяцаўшы падумаць над нашай ідэяй наконт азнаямленчых экскурсіяў для звычайных грамадзян.

Бо варта на ўласныя вочы пабачыць, колькі мы – цэлым горадам! – вырабляем бруду. Можа, тады і пытаньні наконт будаўніцтва пляцоўкі для кампаставаньня глею адпадуць самі сабой. Шукаем кампрамісаў.

Зьміцер Міраш, фота аўтара

2 камэнтары