Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 24 Кастрычнік 2016

Нягледзячы на пратэсты, каля возера Балдук актыўна будуюць храм

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Нягледзячы на пратэсты, каля возера Балдук актыўна будуюць храм Фота: Ігар Пастухоў

Каля возера Балдук у вёсцы Станчыкі Пастаўскага раёну бізнэсовец са сталіцы задумаў пабудаваць праваслаўны храм. Супраць гэтага выступілі мясцовыя жыхары і эколягі, апанэнты сустракаліся ў судзе. Пра гэта журналісты пісалі год таму. Мы вырашылі даведацца, што адбываецца ў вёсцы цяпер.

Нагадаем, у 2015 годзе менскі бізнэсовец Мікалай Рамановіч пры падтрымцы ўладаў Пастаўскага раёну і мясцовага кліру вырашыў будаваць храм у вёсцы Станчыкі. Ідэя выклікала пратэст мясцовых жыхароў і прадстаўнікоў грамадзкасьці: на іх думку, будоўля магла нанесьці шкоду возеру Балдук, якое знаходзіцца побач са Станчыкамі. Электронную пэтыцыю з патрабаваньнем спыніць будаўніцтва храму падпісалі больш за 16 тысяч чалавек.

Увосень 2015 году грамадзкае аб'яднаньне «Экадом» сумесна з жыхарамі Станчыкаў падалі пазоў у Глыбоцкі раённы суд з патрабаваньнем правесьці грамадзкае абмеркаваньне праекту будаўніцтва храму. Але пазоў не задаволілі. Судзьдзя растлумачыў, што слуханьні заднім днём праводзіць ня трэба, бо праект царквы прайшоў дзяржаўныя экспэртызы, і работы на аб'екце ўжо вядуцца.

Мінуў год. Будаўніцтва храму, аб які зламалі столькі коп'яў, у самым разгары. І ідзе досыць актыўна.

– Будаўнікі ўжо ўзводзяць другі паверх царквы, – паведаміў рэгіянальны каардынатар грамадзкай экалягічнай інспэкцыі «Зялёны дазор», жыхар суседняга хутару Ігар Пастухоў.

На пагорку ў малалюднай вёсцы Станчыкі, якая згубілася сярод лесу, паўстане ня толькі храм у гонар абраза Божай Маці «Жываносная крыніца». Непадалёк ад яго запраектаваныя званіца са сьвячным шапікам і надкалодзежная капліца. Будзе таксама ўваходная брама – з боку вёскі. Акрамя таго, праект прадугледжвае побач з царквой падворак і дзіцячы аздараўленчы лягер.

Фота: Ігар Пастухоў

Фота: Ігар Мацьвееў

Гэтыя здымкі паказваюць зьмены, якія адбыліся на аб'екце за год. На першым фота – пустая пляцоўка пад забудову ў лістападзе 2015 году. На другім – праз год з-за плота ўжо добра відаць новабудоўля.

Месца, якое адвялі пад будоўлю, належыць да асабліва ахоўных прыродных тэрыторыяў. Тут расьлі дрэвы. Увосень 2015 году іх перасадзілі ў іншае месца, па-за будпляцоўкай. Але зрабілі гэта, на думку эколяга, з парушэньнем.

– Каля 50 соснаў векам да 7-10 гадоў высеклі або выразалі рыдлёўкамі і перасадзілі за плотам аб'екту, на тэрыторыі заказьніку «Швакшты», – распавёў Ігар Пастухоў. – Пры гэтым Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя дало згоду на будаўніцтва царквы, але з умовай – падчас работ не павінны выдаляць аб'екты расьліннага сьвету.

Большасьць перасаджаных дрэваў высахла.

– Сосны можна перасаджваць толькі да двух гадоў, больш старэйшыя дрэвы не прыжываюцца, – тлумачыць спэцыяліст.

Фота: Ігар Мацьвееў

Год таму Ігар Пастухоў дэманстраваў журналістам, як перасадзілі хвоі: іх можна было лёгка дастаць зь зямлі.

Фота: Ігар Пастухоў

Выгляд гэтых самых дрэваў праз год.

Возера Балдук – унікальнае для Беларусі: яно слабапраточнае, і каб вада ў ім цалкам абнавілася, трэба 30 гадоў. У ідэале: чым менш людзей у гэтым запаведным краі, тым лепш.

Ад пагорка з храмам да берагу Балдук – прыкладна паўкілямэтра. І эколягі ўпэўненыя, што і без таго высокая антрапагенная (то бок узьніклая ў выніку дзейнасьці чалавека) нагрузка на возера павялічыцца. І яно можа загінуць. Першая прыкмета дэградацыі яго экасыстэмы – «цьвіценьне» вады – ужо назіраецца.

Фота: Ігар Пастухоў

Від на возера Балдук.

Тацяна Мацьвеева, news.tut.by