Друкаваць гэтую старонку
Серада, 30 Кастрычнік 2013

У Гарадоцкім раёне парушаецца экалягічнае заканадаўства

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Міжведамасная працоўная група Віцебскага абласнога камітэту прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя зафіксавала шматлікія парушэньні экалягічнага заканадаўства на тэрыторыі Гарадоцкага раёну. Кіраўнікам прадпрыемстваў ААТ «Гарадоцкі райаграпрамзаб», ААТ «Гарадоцкі льнозавод», КУП «Гарадоцкі ПКіЦС» накіраваныя прадпісаньні аб устараненьні парушэньняў.

Падчас праверкі выяўлена, што ААТ «Гарадоцкі райаграпрамзаб» на ўнутрыгаспадарчых кар’ерах Верамеяўка і Вокшава не ўстаноўленыя інфармацыйныя знакі. Парамэтры унутрыгаспадарчых кар’ераў не прыведзеныя ў адпаведнасьць з патрабаваньнямі заканадаўства. У кар’еры Вокшава маюцца месцы несанкцыянаванага разьмяшчэньня адходаў ЦКА. Не праведзеная рэкультывацыя парушаных земляў унутрыгаспадарчых кар’ераў на плошчы 1 га.

Тэрыторыі машынных двароў ААТ «Гарадоцкі райаграпрамзаб» не прыведзеныя ў належны парадак. Прылеглая тэрыторыя зарасла пустазельнай і драўняна-хмызьняковай расьліннасьцю, баршчэўнікам Сасноўскага. На пляцоўцы для часовага захоўваньня сабралася вялікая колькасьць зношаных апонаў, таксама на тэрыторыі двара маецца месца разьмяшчэньня мэталалому, невыкарыстоўваемай тэхнікі.

На КУП «Гарадоцкі ПКіЦС» не праведзеныя работы па ачыстцы прылеглых тэрыторыяў і пад’язных шляхоў на міні-палігоне Вархі. Адсутнічаюць інфармацыйныя паказальнікі на міні-палігоне Далгапольле, Вархі. Па выніках праверкі за дапушчаныя парушэньні заканадаўства аб абыходжаньні з адходамі да адміністрацыйнай адказнасьці прыцягнутае КУП «Гарадоцкае ПКіЦС» паводле ч.2 ст.15.63 Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Штраф паводле гэтага артыкулу для юрыдычнай асобы можа быць да тысячы базавых велічынь – 130 мільёнаў рублёў.

Крыніца: Гарадок.інфо