Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 31 Сакавік 2023

На Віцебшчыне спрабуюць падагрэць інтарэс да прагляду паслання Лукашэнкі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Усе мясцовыя газеты, ад абласной да раённых, цягам апошніх двух дзен размяшчаюць матэрыялы пад практычна аднолькавымі назовамі: «Чаго жыхары раену (назвы раенаў мяняюцца) чакаюць ад паслання прэзідэнта». Змест гэтых матэрыялаў адрозніваецца хіба тым, што адны пішуць, як распытвалі мінакоў на вуліцы, а другія, не ўскладняючы жыцце сваім карэспандэнтам, адразу накіроўвалі іх да чыноўнікаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў або прадстаўнікоў праўладных грамадскіх арганізацый. Падобна, сёлета рэдакцыям быў дадзены загад стварыць ілюзію таго, што выступ Аляксандра Лукашэнкі – гэта нейкая доўгачаканая падзея, якая цікавіць усіх насельнікаў Беларусі.

Аднак самі «чаканні» у вуснах апытаных асобаў гучаць няшчыра і па-казённаму. Ці не кожны з іх адзначае, што пасланне Аляксандра Лукашэнкі – гэта «важная веха», «істотная падзея», «значнае праграмнае мерапрыемства ў межах усей краіны». І што «мудры кіраўнік» які мае «значны палітычны досвед» і «заўсёды ўздымае самыя важныя і вострыя праблемы», укажа « кірункі» і «вектары» для далейшага росквіту эканомікі і сацыяльнай сферы. Таксама згадваюцца «памкненне беларусаў жыць у міры і спакоі», «гадаваць моладзь, вартую гістарычнай памяці» і «працаваць у імя Радзімы», якая «церпіць ад унутраных і знешніх пагрозаў».

Рыторыка, якая нагадвае савецкае праслаўленне «кіроўнай сілы КПСС», наўрад ці можа абудзіць цікаўнасць да прагляду шматгадзіннага тэлевізійнага выступу. І выглядае, што тэксты з «чаканнямі» у дзяржСМІ размяшчаліся не дзеля дасягнення нейкага эфекту, а дзеля адпрацоўкі распараджэння «зверху». Дарэчы, у мінулыя гады ўздымаць ажыятаж вакол штогадовага паслання афіцыйная прэса падобным чынам не спрабавала.

Таццяна Віктарава