Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 06 Сакавік 2023

У Шаркаўшчынскім раёне скарачаецца колькасць калонак з пітной вадой, і яны бяруцца пад замок

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Як кажа начальнік Шаркаўшчынскага ўчастка водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі філіяла «Докшыцыводаканал» Мікалай Дубоўскі, агульная працягласць водаправоднай сеткі па раёне складае 59,6 кіламетра, з іх у гарадскім пасёлку — 29,6 кіламетра, у сельскай мясцовасці — 30 кіламетраў. Інфраструктура, а менавіта трубы, з цягам часу зношваюцца, патрабуюць замены. І калі яшчэ ў гарадскім пасёлку трубы рамантуюцца і часам мяняюцца, то ў сельскай мясцовасці сітуацыя значна горшая. Дакладна невядомы час будаўніцтва і ўводу ў эксплуатацыю большасці водаправодаў, зразумела, што з-за эканамічных цяжкасцяў. Тым больш, што Шаркаўшчынскі раён адзін з самых бедных у Беларусі. Пра гэта паведамляецца на сайце раённай газеты “Кліч Радзімы”.

Па гэтай прычыне часта ўзнікаюць парывы моцна пашкоджаных карозіяй металічных труб. Ля калонак з пітной вадой часта назіраюцца падтапленні  або вада, якая б’е фантанам з-пад зямлі.

На пытанне з чым звязана тое, што ў гарадскім пасёлку Шаркаўшчына і ў сельскай мясцовасці прыкметна скарачаецца колькасць калонак, з якіх насельніцтва набірае пітную ваду, чыноўнік адказаў наступным чынам:

— У першую чаргу мы змяншаем колькасць калонак з-за страт вады. Нягледзячы на тое, што карыстальнікі з намі заключаюць дамоўленасці, а калонкі замыкаюцца, шмат нядобранадзейных людзей гэтыя замкі проста зрываюць і бясплатна карыстаюцца пітной вадой. Асабліва востра гэта праблема стаіць у вясенне-летні перыяд, калі грамадзяне ў прыватным сектары ажыццяўляюць бескантрольны паліў сваіх зямельных надзелаў менавіта з калонак. Цяпер у гарадскім пасёлку маецца 20 калонак, а ў сельскай мясцовасці — 21.

Вось так жывецца людзям у сельскай мясцовасці пры цяперашняй уладзе, гэта пры тым, што час ад часу ў прапагандысцкіх праўладных СМІ з’яўляюцца артыкулы пра тое, як дрэнна жывецца людзям у Еўропе. Але там дакладна такога не назіраецца, каб зачыняліся на замок калонкі ці падобныя краны з пітной вадой, каб ніхто іншы акрамя мясцовых не змог набраць з іх вады. І што тут яшчэ казаць – у Беларусі не толькі калонкі з вадой, але ўжо амаль усю краіну ўлады зачынілі на замок.

Ірына Азёрная