Друкаваць гэтую старонку
Серада, 22 Люты 2023

Міністр інфармацыі параіў гарадоцкім журналістам «правільна выбіраць навіны»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Кіраўнік Міністэрства інфармацыі Уладзімір Пярцоў чарговы раз наведаў Віцебшчыну, выступіў перад так званым «актывам раёну» і раздаў парады журналістам мясцовай раённай газеты. І «Гарадоцкі веснік» тут жа падзяліўся з чытачамі цытатамі з выступу міністра, якія выглядаюць, мякка кажучы, неадназначнымі. «Інфармацыі з’яўляецца шмат, патрэбна ўмець яе правільна абіраць», – заявіў спадар Пярцоў. І ў той самы час зазначыў, што нельга пазбягаць праблемных тэм, бо «калі ўтвараецца інфармацыйны вакуум, то яго запоўняць тыя, хто зацікаўлены ў скажэнні дадзеных і разгойдванні сітуацыі».

Дастаткова хаця б бегла прагледзець сайт гарадоцкай «раёнкі», каб пераканацца, што якіх-кольвек вострых праблемных тэмаў яна практычна не ўздымае. Максімум – гэта звесткі пра затапленне падвала ў філіяле Пальмінскага дома культуры (і пра тое, што «праблема ўжо вырашаецца»), адсутнасць дарогі ў новым мікрараёне (з абяцаннем «чакаць вясны і сачыць за развіццём сітуацыі»), прэтэнзіі да якасці пітной вады ( з каментаром адказнага чыноўніка пра «распрацаваны комплекс мер») і гэтак далей. Чытачы ўжо звыклі да падобнай дэмагогіі, таму колькасць праглядаў падобных артыкулаў невысокая – рэдка сягае за дзве сотні, хаця ў Гарадоцкім раёне налічваецца 21 644 жыхароў, з іх амаль 12 тысяч жывуць у самім райцэнтры.

Таксама Уладзімір Пярцоў параіў «працаваць у тым інфармацыйным полі, якое цікавіць вашу аўдыторыю». Мяркуючы па колькасці праглядаў артыкулаў «раёнкі», яе аўдыторыю ўвогуле мала што з цікавіць з прапанаванага рэдакцыяй, а апошні чытацкі каментар датуецца 31 снежня мінулага году. Дарэчы, гэта каментар да інтэрв’ю са старшынём райвыканкаму, і ён не ўхвальны: пенсіянерка, жыхарка Гарадка, скардзіцца на якасць уборкі снегу…

Апошнім часам Уладзімір Пярцоў даволі часта наведвае Віцебшчыну, раздаючы ўказанні і парады. Напрыканцы студзеня ён наведаў Наваполацк, у пачатку лютага ўзяў удзел у адкрыцці абласнога медыяцэнтра. З ягоных выказванняў, якія істотна не адрозніваюцца ў залежнасці ад месца выступу, вынікае адно: міністр інфармацыі канстатуе, што асвятленнем недахопаў у жыцці краіны займаюцца пераважна недзяржаўныя СМІ. І людзі, якія бачаць нявырашаныя праблемы на ўласныя вочы, куды больш давяраюць гэтым «дэструктыўным сацыяльным медыям», як іх называе Пярцоў, чымсьці дзяржаўным інфармацыйным рэсурсам, дзе пішуць толькі пра «росквіт» і «стабільнасць».

Лявон Каляда