Друкаваць гэтую старонку
Субота, 18 Люты 2023

Старшыня Віцебскага райвыканкаму раіць выпускнікам «заставацца на малой радзіме». Дзеля чаго?

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Генадзь Сабыніч, старшыня выканкаму Віцебскага раёну, сустрэўся са старшакласнікамі ў сярэдняй школе аграгарадка Ноўка. Сустрэча адбылася ў межах так званай «Школы актыўнага грамадзяніна» – адмысловага выхаваўчага праекту для вучняў 9-11 класах. Спадар Сабыніч размаўляў з падлеткамі пра выбар прафесіі, і сустрэча з рэгіянальным кіраўніком называлася сімвалічна: «Витебский район. Место для успешного профессионального старта». Але што стаіць за гэтымі гучнымі словамі?

Заробак інжынера- энергетыка – ад 780-ці рублёў, слесара – да 750-ці

Паводле афіцыйнай статыстыкі, на тэрыторыі раёну пражываюць 34 821 чалавек, з іх 9 592 – пенсіянеры. Колькасць людзей працаздольнага ўзросту складае больш за 10 тысяч чалавек, але ў галіне прамысловасці на мясцовых прадпрыемствах занятыя толькі 2075 чалавек. У раёне дзейнічаюць некалькі філіялаў буйных прадпрыемстваў, і калі казаць пра занятасць мясцовага насельніцтва, то карціна наступная: у філіялах ААТ «Белвитунифарм» працуюць 268 чалавек, ААТ «БелФудПродакшн» – 340 чалавек, ААТ «Фабрика Василина» – 123 чалавекі. Вакансіі на гэтых прадпрыемствах – адзінкавая з’ява, і чакаюць там ужо дыпламаваных спецыялістаў, прычым на не надта вялікія заробкі. Прыкладам, інжынеру-энергетыку ў ААТ «Белвитунифарм» прапануюць заробак 780-900 рублёў, апаратчыку шырокага профілю або слесару з сярэдняй адукацыяй гатовыя заплаціць 660 – 750 рублёў.

Метадысту – 600 рублёў, лекару -850

Яшчэ цяжэй казаць пра «паспяховы прафесійны старт» для маладых спецыялістаў у галіне адукацыі. Інжынера – праграміста з заробкам 600 рублёў запрашаюць у Альгоўскую школу-сад, але на палову стаўкі. Столькі ж абяцаюць метадысту па абароне правоў і інтарэсаў непоўнагадовых з вышэйшай адукацыяй. Метадысту па фізкультуры і спорту ў кадэцкай вучэльні абяцаюць крыху болей – да 750 рублёў, але там патрабуецца профільная адукацыя.

Здавалася б, запатрабаванасць адмыслоўцаў у медычнай галіне мусіла б стварыць канкурэнцыю ў рэгіёне. Але ж наадварот: у Віцебскім раёне, як і ва ўсёй вобласці, існуе дэфіцыт прафесійных кадраў. Можа, варта вучыцца на медыка, каб прафесійны старт на малой радзіме быў паспяховым? Ці будзе ён такім, можна таксама меркаваць па прапанаваных заробках. У спецыялізаваную ўстанову Цэнтр псіхіятрыі і наркалогіі запрашаюць медсястру, абяцаючы заробак 800-850 рублёў. Аналагічны заробак прапануюць і лекару-тэрапеўту – 850 – 860 руб. Цікава, што столькі ж у той самай установе абяцаюць плаціць рабочаму па абслугоўванні будынкаў з дадатковай спецыяльнасцю тынкоўшчык- маляр. У санаторый «Лётцы» запрашаюць інструктара па фізічнай рэабілітацыі на заробак 600 рублёў.

Колькі атрымлівае старшыня райвыканкама?

У сельскай гаспадарцы Віцебскага раёну занятыя больш за 5 тысяч чалавек. І вакансій для працаўнікоў рознага профілю дастаткова. Толькі ў некаторых гаспадарках справы йдуць не так добра, як хацелася б, і ахвотных не знаходзіцца нават на пасаду галоўнага агранома (заробак 1.500 рублёў), дырэктара (1.800-2.000 рублёў), галоўнага ветэрынарнага лекара (2.000 рублёў) і галоўнага бухгалтара (2.350 – 2.500 рублёў).

Некаторыя прадпрыемствы і ўстановы Віцебскага раёну гатовы заключыць з выпускнікамі мэтавыя дамовы, каб дыпламаваныя спецыялісты вярнуліся працаваць на малую радзіму. Але школьнікі не выказваюць вялікага імпэту да такой перспектывы. Затое вучні Ноўкінскай сярэдняй школы задалі вельмі шмат пытанняў старшыні райвыканкаму, што да ягонай прафесійнай дзейнасці. Іх вельмі цікавіла, у чым сутнасць працы чыноўніка, як праходзіць ягоны працоўны дзень, і дзе трэба вучыцца, каб стаць кіраўніком раёну. Пытанне пра заробак на гэтай пасадзе засталося без адказу.

Жанна Жалейка