Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 30 Студзень 2023

Больш за 50 працэнтаў аўтамабільных дарог Віцебшчыны маюць патрэбу ў рамонце

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Як адзначаюць у "Віцебскаўтадары", патрэбнасць сродкаў на правядзенне рамонтных мерапрыемстваў і прывядзенне стану рэспубліканскіх аўтамабільных дарог вобласці да нарматыўных патрабаванняў у 2023 годзе складае больш як 474,5 мільёна беларускіх рублёў. Агулам мае патрэбу ў рамонце больш за 1,5 тысячы кіламетраў дарог. 

Спецыялісты тлумачаць, што толькі капітальнага рамонту ў Віцебскай вобласці патрабуюць 16 працэнтаў дарог ад агульнай працягласці, або больш як 480 кіламетраў. Бягучага рамонту, які прадухіліць інтэнсіўны знос пакрыцця і развіццё дэфектаў розных элементаў дарожнага палатна, чакаюць 35 % дарог. На сёння з-за паскоранага разбурэння больш як 1,1 тыс. км дарог (38%) маюць абмежаванні па нагрузцы на вось транспартнага сродку да 6 тон.

На абслугоўванні ў РУП "Віцебскаўтадар" знаходзяцца каля 3 тысяч кіламетраў аўтамабільных дарог рэспубліканскага значэння. У іх склад уваходзяць 358 маставых збудаванняў, працягласць якіх перавышае 14 тысяч метраў.

У гэтым годзе на ўтрыманне, бягучы і капітальны рамонты, рэканструкцыю і будаўніцтва дарог Віцебскай вобласці з рэспубліканскага дарожнага фонду выдзелена 116,7 мільёнаў беларускіх рублёў. З іх на капітальны рамонт улады збіраюцца выдаткаваць 27 мільёнаў рублёў, на бягучы – амаль 20 мільёнаў рублёў.

Як паведамляе РУП "Віцебскаўтадар", сярод участкаў, работа над якімі будзе весціся сёлета, - гэта дарогі Р46, Р22, М1/Е 30 і мост цераз раку Свячанка на аўтадарозе М3 Мінск - Віцебск.

Інга Сташэўская