Друкаваць гэтую старонку
Субота, 26 Лістапад 2022

Навошта аршанскай СШ№3 другі раз надалі імя Уладзіміра Караткевіча?

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Газета «Витебские вести» урачыста адрапартавала, што напярэдадні ўгодкаў знакамітага беларускага пісьменніка У.С.Караткевіча (нар.26 лістапада 1930г.) ягонае імя надалі школе №3. Пэўна, настаўнікі, асабліва старэйшага пакалення, дужа здзівіліся: навошта сучасныя ўлады вырашылі зрабіць гэта другі раз? Імя пісьменніка гэтай школе надалі яшчэ ў 1985-м годзе, калі мясцовыя энтузіясты і тагачасныя гарадскія ўлады вырашылі, што варта варта захоўваць памяць пра пісьменніка-земляка на ягонай малой радзіме. Але цяпер Віцебскі аблвыканкам вырашыў прысвоіць гэтую ініцыятыву сабе – праз 37 гадоў.

З нагоды ўжо «паўторнага надання» імя Караткевіча ўстанове адукацыі, 25 лістапада на будынку школы ўрачыста адчынілі памятную шыльду. У імпрэзе ўзяў удзел старшыня абласнога савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, які распавядаў пра сваю любоў да творчасці Караткевіча: “Владимир Короткевич – это писатель, на произведениях которого воспитывались и воспитываются поколения.  Это уникальный автор, через творчество которого проходит наша история. Вполне возможно, что по первому образованию я стал историком благодаря  в некоторой степени творчеству Владимира Короткевича”.
Чаму ж гісторык не ведае гісторыі? Прынамсі, тое, што СШ №3 даўно мае гонар насіць імя вядомага літаратара, ніякая не таямніца.
Варта, прыкладам, зазірнуць на сайт школы ў раздзел “Летапіс”.  Там вельмі падрабязна распавядаецца пра традыцыі ўшанавання памяці пісьменніка, які спачатку тут вучыўся сам, а потым прыйшоў туды ўжо ў якасці настаўніка. Так, у 1984г., дзякуючы высілкам настаўніцы Ліліі Радомскай, у школе з’явіўся музей «Слава настаўніку», дзе шмат экспанатаў распавядалі менавіта пра настаўніцкую працу будучага пісьменніка. У 1985-м годзе школе афіцыйна надалі ягонае імя, і ў школьным музеі ў 1989 г. адчынілі асобную залу памяці Уладзіміра Караткевіча.
Да сярэдзіны 1990-х гадоў Імя Караткевіча мелі і школа, і вуліца, дзе ён жыў, у Оршы ўсталявалі помнік знакамітаму земляку, адчыніўся і музей Уладзіміра Караткевіча, там да ягоных угодкаў заўсёды ладзілі цікавыя імпрэзы, запрашалі гасцей, якія шчыра радаваліся, што пабывалі на аршанскай зямлі. Але ў апошнія дзесяцігоддзі традыцыя ўшанавання памяці пачала слабець: мерапрыемствы з удзелам беларускіх пісьменнікаў і музыкаў сталі лічыцца «апазіцыйнымі», а за ўскладанне кветак да помніка ўвогуле маглі арыштаваць – як за правядзенне несанкцыянаванага пікета… І вось цяпер, калі жывое ўшанаванне памяці ператварылася ў дзяжурныя «чытанні» і «гасцёўні», абласныя ўлады вырашылі прадэманстраваць паказушны патрыятызм. І паколькі нічога новага прапанаваць ці зрабіць не здолелі, то «прысабечылі» сабе чужыя заслугі: надалі школе №3 імя Уладзіміра Караткевіча па другім разе.

Юрка Жмых