Друкаваць гэтую старонку
Нядзеля, 10 Красавік 2022

У Полацку ствараюць выставу вайсковай тэхнікі, хаця гараджане супраць

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Ідэі выставіць на агляд вайсковую тэхніку  каля Кургана Несмяротнасці актыўна прасоўвае старшыня Полацкага райвыканкаму Ігар Марковіч. Упершыню яна была выказана паўтара гады таму, і ўжо тады палачане ўспрынялі яе даволі скептычна. Маўляў, кіраўніцтва не спраўляецца трымаць у парадку Музей баявой славы, які месціцца тут жа, у  парку імя 50-годдзя савецкай улады, дык што ўжо казаць пра стварэнне новага аб’екта, на стварэнне якога спатрэбяцца немалыя грошы. Да ўсяго, і сама ідэя выглядае несучаснай і нецікавай…

Сёлета гаворка пра стварэнне выставы вайсковай тэхнікі пад адкрытым небам распачалася зноўку. Старшыня райвыканкаму заявіў, што цяпер у Полацку праводзяць месячнік добраўпарадкавання, і асобным пунктам у пераліку аб’ектаў гораду з’яўляецца паркавы масіў на беразе Дзвіны. Тут плануюць выдаліць каля 80 дрэваў, якія сталі аварыйнымі, і пасадзіць новыя. Таксама ўжо вядуцца праектныя працы па стварэнні экспазіцыі вайсковай тэхнікі. «Для гэтых мэтаў выдаткавана 18 адзінак: самалёт МІГ-29, верталёт МІ-2, БМП, бронетранспарцёры, танкі, пушкі і іншае», - напісаў Ігар Марковіч у сваім тэлеграм-канале.

Жыхары Полацку не падтрымліваюць меркаванне ўладаў пра тое, што ўсё гэта патрэбна гораду. Вось некалькі допісаў з мясцовых груп у сацыяльных сетках.

Я думаю, что не нужно здесь музея военной техники, сделайте просто очень красивый парк. Для семейного отдыха. Площадка open air есть, можно концерты летом под открытым небом проводить, установите аттракционы для детей, постройте фуд-зоны. Можно красивые велодорожки сделать, окультурьте грунт и сделайте набережную, пусть 100 метров, но в нескольких уровнях. Ну неужели мозгов хватает только на воспоминания о войне. Наши деды, низкий им поклон от меня и вечная память, разве об этом мечтали?

“А музей мирной техники? Техники, которая придумана не чтобы убивать, а чтобы созидать? Сколько можно уже воевать?”

 “Зачем милитаризировать парк?! Это концепция прошлого века. Люди уже устали от военной идеологии. Современное придумать, видимо, сложно”.

 “Зачем жить войной? Зачем демонстрировать это в парке, который создан был для мирных мероприятий, для мирных граждан, верящих, что они и их дети будут жить в мире?”

Дарэчы, і назва парка, у якім збіраюцца выставіць на агляд вайсковую тэхніку, даўно ўжо стала анахранізмам. Парк імя 50-годдзя савецкай улады быў закладзены ў 1967-м годзе. Пазалетась полацкія ўлады вырашылі яго перайменаваць, прапанаваўшы не надта арыгінальную назву «Парк перамогі». Жыхары Полацку на такое перайменаванне не пагадзіліся і стварылі петыцыю, каб надаць гарадскому парку гістарычную назву. Паколькі на гэтым месцы ў старажытным горадзе калісьці мясціўся Востраўскі пасад, то і парк прапанавалі назваць «Востраўскім». Аднак, у сваю чаргу, на прапанову грамадскасці на пагадзіўся райвыканкам. І пытанне пра перайменаванне пакінулі ўбаку, адно што цяпер поўную назву гарадскога парка мясцовыя ўлады стараюцца не ўжываць, называючы яго «парк каля Кургана Несмяротнасці».

 Не ўлічваюць меркаванні гараджанаў і цяпер, калі вядзецца пра вайсковую тэхніку ў гарадскім месцы адпачынку. Сёлета ўлады Полацку прасоўваюць гэтую ідэю, прыкрываючыся «ідэалогіяй»: маўляў, 2022 год абвешчаны Годам гістарычнай памяці. Але яна ў Полацкага райвыканкаму нейкая дужа кароткая, калі апошняе, што яны ведаюць з гісторыі Беларусі – гэта падзеі Вялікай Айчыннай вайны, а ўзоры састарэлай вайсковай тэхнікі мінулага стагоддзя лічаць грунтам для выхавання патрыятызму ў гараджанаў.


Міхась Хмара