Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 01 Сакавік 2019

Таму што – край?.. У Віцебску адкрылі яшчэ адно аддзяленьне міліцыі – фота

Ацаніць гэты матэрыял
(12 галасоў)
Супрацоўнікаў блаславіў сьвятар. Фота: uvd.vitebsk.gov.by Супрацоўнікаў блаславіў сьвятар. Фота: uvd.vitebsk.gov.by

Аддзяленьне міліцыі зьявілася ў мікрараёне Білева. Патрэба ў ім тлумачыцца тым, што Білева – “крайняя кропка Першамайскага раёну і знаходзіцца на значнай адлегласьці ад аддзелу ўнутраных спраў”. Новае аддзяленьне будзе функцыянаваць у структуры Першамайскага РАУС, піша афіцыйны сайт УУС Віцебскага аблвыканкаму.

Новае аддзяленьне міліцыі знаходзіцца ў Віцебску па адрасе вул. 33-й Арміі, 29. Абслугоўваць мікрараён будуць 8 участковых і 5 супрацоўнікаў крымінальнага вышуку.

“У сувязі з інтэнсіўным разьвіцьцём мікрараёну зьявілася вострая неабходнасьць пераразьмеркаваньня сілаў і сродкаў органаў унутраных справаў для забесьпячэньня аховы грамадзкага парадку, асабістай і маёмаснай бясьпекі грамадзян”, – гаворыцца ў паведамленьні УУС.

Спасылаюцца таксама на павелічэньне ў Білеве колькасьці выклікаў па паведамленьнях і заявах аб злачынствах і адміністрацыйных правапарушэньнях.

Чырвоную стужку на адкрыцьці перарэзалі начальнік абласной міліцыі Іван Кубракоў і начальнік Першамайскага РАУС Віцебску Аляксандар Чарняўскі.

Іван Кубракоў, прамаўляючы да падначаленых, заўважыў, што лепшага падарунку да прафэсійнага сьвята (4 сакавіка – Дзень міліцыі) “складана было і прыдумаць”.

Удзельнікаў імпрэзы блаславіў “на ратную працу і добрыя справы ў новых сьценах” праваслаўны сьвятар храму Сьвятога Георгія пратаярэй Генадзь.

У віцебскім мікрараёне Білева жыве каля 40 тысяч чалавек. Раней гэтую тэрыторыю абслугоўвалі чатыры ўчастковых інспэктары Першамайскага РАУС.

Фота: uvd.vitebsk.gov.by