Друкаваць гэтую старонку
Серада, 06 Чэрвень 2018

КДБ і міліцыя адказалі Натальлі Шарыпа наконт “праслушкі” тэлефона

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Натальля Шарыпа Натальля Шарыпа

Віцяблянка Натальля Шарыпа атрымала адказы зь міліцыі, КДБ і ад мабільнага апэратара МТС на заявы наконт меркаванага праслухоўваньня яе тэлефона. Усе тры ўстановы паведамілі жанчыне, што “не валодаюць інфармацыяй”. Натальля кажа, што пасьля таго, як накіравала звароты, якасьць сувязі раптам палепшылася.

У красавіку - траўні 2018 году Натальля Шарыпа актыўна ўдзельнічала ў кампаніі “Матчынага руху 328”, які дамагаецца тэрміновых рэформаў заканадаўства і зьменаў у артыкуле 328 (Незаконны абарот наркотыкаў). На пачатку траўня Натальля вырашыла абвесьціць галадоўку, каб падтрымаць удзельніц акцыі пратэсту ў іншых гарадах Беларусі. Афіцыйную заяву аб пачатку галадоўкі мерылася 3 траўня занесьці ў Віцебскі гарвыканкам.

У той жа дзень патэлефанавала сваёй сяброўцы і аднаму віцебскаму журналісту, каб сустрэцца каля гарвыканкаму ў вызначаны час. Напісала таксама паведамленьне аб гэтым у групу падтрымкі ў Viber. І была папросту шакаваная, калі ў той жа самы час на месцы сустрэчы пабачыла “бравых мальцаў” у цывільным адзеньні, якія пільнавалі і здымалі на відэакамэру кожны яе рух.    

“Мы разышліся, але мяне дагэтуль непакоіць пытаньне: хто былі гэтыя нявызначаныя асобы і адкуль яны даведаліся пра сустрэчу?” – пыталася спадарыня Натальля ў зваротах у КДБ, УУС і МТС. Актывістка ўпэўненая, што яе тэлефон праслухоўваўся, а за ёй самой цікавалі, таму прасіла даслаць ёй дакумэнты, на падставе якіх ажыцьцяўляліся гэтыя дзеяньні.

Адказ КДБ: Інфармацыяй не валодаем

“Упраўленьнем КДБ Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласьці ў дачыненьні да Вас крымінальна-працэсуальнага рашэньня, у тым ліку аб распачацьці альбо скасаваньні крымінальнай справы, адмове ва ўзбуджэньні крымінальнай справы, спыненьні крымінальнага перасьледу, не прымалася, таму інфармацыяй, якую вы запытваеце, не валодаем”, – паведаміў начальнік упраўленьня Сяргей Феактыстаў.

Міліцыя: Апэратыўныя мерапрыемствы не праводзіліся

Упраўленьне ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкаму запэўнівае, што зварот спадарыні Натальлі разгледзелі ўважліва.

“УУС не валодае інфармацыяй аб правядзеньні ў дачыненьні да Вас апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў, якія б абмяжоўвалі Вашыя канстытуцыйныя правы і свабоды”, – паведамляе намесьнік начальніка УУС аблвыканкаму Аляксей Шаховіч.  

“Таксама ў Вашым звароце ня ўтрымліваецца сьведчаньняў, якія б указвалі на прыкметы зьдзяйсьненьня супраць Вас проціпраўных дзеяньняў. У сувязі з чым з боку органаў унутраных спраў адсутнічаюць падставы для прыняцьця мераў рэагаваньня працэсуальнага характару”, – гаворыцца ў лісьце.

МТС: Інфармацыі аб фактах праслухоўваньня няма  

Начальнік аддзелу па працы са зваротамі кліентаў СТАА “Мабільныя ТэлеСыстэмы” Р. Смычок паведаміў “у межах кампэтэнцыі”, што інфармацыяй аб фактах праслухоўваньня размоваў абанэнцкага нумару Натальлі Шарыпа МТС не валодае.

Натальля Шарыпа: А сувязь палепшылася

Віцебская актывістка “Матчынага руху 328” Натальля Шарыпа называе атрыманыя адказы звычайнымі адпіскамі. Яна ўпэўненая, што ў сутнасьць справы ніхто са службовых асобаў сур’ёзна не заглыбляўся.

Між іншым, сьцьвярджае, што якасьць сувязі апошнім часам стала лепшая.

На пачатку траўня віцяблянка Натальля Шарыпа запісала відэазварот да беларускага народу, у якім патрабавала адстаўкі міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча. Пад пісьмовым зваротам, апублікаваным на сайце Petitions.by, падпісаліся каля 500 чалавек. Зварот 4 чэрвеня быў накіраваны ў Адміністрацыю прэзыдэнта і Генпракуратуру РБ.

Зьміцер Міраш