Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 06 Сакавік 2018

Плюс 200 рублёў. Як падвысіліся кошты навучаньня ў віцебскіх ВНУ

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Ад лютага-сакавіка 2018 году навучаньне ў віцебскіх ВНУ падаражэла ў сярэднім на 200 рублёў. Падвышкі ў некаторых навучальных установах закранулі ня толькі студэнтаў дзённай формы навучаньня, але і завочнікаў.

Як тлумачаць афіцыйныя сайты ВНУ, кошты на вывучэньне студэнтаў платнай дзённай і завочнай формаў падвышаныя ў сувязі з павелічэньнем выдаткаў на падрыхтоўку спэцыяліста вышэйшай адукацыі. Больш высокія выдаткі, у сваю чаргу, зьвязаныя з падвышэньнем акладаў пэдагагічным работнікам, а таксама павелічэньнем тарыфаў на камунальныя паслугі.

Вучыцца ў ВДУ: колькі каштуе

Новыя тарыфы былі ўведзеныя адмысловымі загадамі па ўнівэрсытэтах.

Гэтак студэнты самага дарагога факультэту ВДУ імя Машэрава – юрыдычнага – з тэрмінам навучаньня 5 гадоў будуць цяпер плаціць за вучобу на 212 рублёў больш – гадавы кошт з 1 лютага складае для іх 2 тыс. 335 рублёў (не зьмяніўся толькі для пяцікурсьнікаў). У сваю чаргу, гадавыя кошты для студэнтаў-юрыстаў з тэрмінам навучаньня 4 гады вырасьлі на 221 рубель (для першакурсьнікаў) і на 212 рублёў (другі і трэція курсы).

Студэнты-першакурсьнікі іншых факультэтаў дзённай формы навучаньня ВДУ будуць вымушаныя плаціць на 206 рублёў больш (гадавы кошт навучаньня – 2 тыс. 270 рублёў). Кошты для студэнтаў другога, трэцяга і чацьвертага курсаў падвысіліся на 193 рублі.

Павялічылі плату для студэнтаў і на завочным аддзяленьні ВДУ імя Машерава. Гэтак, напрыклад, студэнты-юрысты першага курсу (пяць гадоў навучаньня) будуць плаціць за год на 75 рублёў больш. Гадавы кошт навучаньня складае для іх 821 рубель. На іншых завочных факультэтах кошт падаражэў таксама ў сярэднім на 70 рублёў. Падвышкі не закранулі толькі студэнтаў апошніх (выпускных) курсаў.

З 1 сакавіка падаражэла вэтакадэмія

З 1 сакавіка падвысілі кошты для студэнтаў у Віцебскай дзяржаўнай акадэміі вэтэрынарнай мэдыцыны (паводле загаду па навучальнай установе ад 26 лютага). Так, напрыклад, тарыф для студэнтаў “Вэтэрынарнай мэдыцыны” са скарочаным тэрмінам атрыманьня вышэйшай адукацыі сягае 1 тыс. 434 рублёў (1-3 курсы).

Яшчэ даражэй будуць плаціць студэнты, якія навучаюцца па спэцыялізацыі “Хваробы сьвіней”, – 1 тыс. 460 рублёў. Па спэцыялізацыі “Птушкагадоўля” – 1 тыс. 272 рублі, “Заатэхнія” – 1 тыс. 152 рублі.

“Кошт навучаньня за 2018 год для студэнтаў завочнай формы будзе пералічаны ў залежнасьці ад колькасьці месяцаў, у якіх будзе дзейнічаць дадзены кошт”, – тлумачаць на сайце вэтакадэміі.

А што ў “тэхналёжцы”?..

Падвысіліся кошты за навучаньне і ў Віцебскім тэхналягічным унівэрсытэце. Студэнты-дызайнэры першага курсу будуць плаціць за год 2 тыс. 317 рублёў (для тэхнічных і эканамічных спэцыяльнасьцяў – меншыя тарыфы), другога курсу – 2 тыс. 275 рублёў, трэцяга – 2 тыс. 253 рублі.

Для першакурсьнікаў завочнай формы навучаньня гадавы кошт складае 852 рублі.

Зьміцер Міраш