Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 29 Студзень 2018

«У Беларусі не існуе абсалютнай манархіі»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Андрэй Ляховіч Андрэй Ляховіч

Пра гэта паведаміў Андрэй Ляховіч – палітоляг і кіраўнік Цэнтру палітычнай адукацыі падчас сустрэчы, якая прайшла ў віцебскім «Эўрапейскім клюбе» 26 студзеня. Дыскусія была прысьвечаная пытаньням унутранай ды зьнешняй палітыкі і эканомікі Беларусі, а таксама стасункам краіны з Расеяй і Эўразьвязам.

Эканамічны крызыс у краіне, магчымыя палітычныя рэформы, цяперашнія выбары ў мясцовыя саветы – вось, бадай, найбольш цікавыя тэмы, дзеля якіх прыйшлі слухачы.

Чаму ў Беларусі няма пераменаў і не праводзяцца структурныя эканамічныя рэформы, нягледзячы на моцны крызыс?

На думку палітоляга, такая сытуацыя існуе, паколькі Лукашэнка зьяўляецца самым багатым чалавекам Беларусі і яму карыснае існаваньне цяперашняй сыстэмы. З выступу Андрэя стала вядома, што такія кампаніі, як Трайпл (будаўніцтва, нафтаперапрацоўка і экспарт нафтапрадуктаў), Тапаз (будаўнічая кампанія), гандлёвы рынак у Менску «Ждановічы», належаць сям'і Лукашэнкі.

Акрамя гэтага, сярэдняму сыну прэзыдэнта Дзьмітрыю належыць «Пяты Элемэнт» (кампанія па продажы лічбавай тэхнікі), а таксама кампаніі па продажы люксавых аўтамабіляў – Бэнтлі, Ягуар, Поршэ. І багацьце Лукашэнкі можна ацаніць у некалькі мільярдаў даляраў.

Пра палітычную сыстэму Беларусі

Што да палітычнай сыстэмы, то сталічны палітоляг яе ахарактарызаваў наступным чынам:

«У Беларусі існуе сыстэма, падобная да фэадальнай. У Лукашэнкі існуе кавалак, зь якога ён і яго сям'я кормяцца. Але ёсьць і іншыя кавалкі, якія Лукашэнка дае людзям, што пры ўладзе, каб яны мелі магчымасьць таксама зарабляць грошы. У нас існуе наступная сыстэма дзяржаўнай карупцыі: на ўзроўні рэспублікі чыноўнік можа зарабляць мільёны даляраў, на ўзроўні вобласьці старшыні аблвыканкамаў могуць атрымліваць сотні тысяч даляраў, на ўзроўні раёнаў – дзясяткі тысяч даляраў. Такім чынам, Лукашэнка плаціць пэўным людзям за адданасьць сыстэме. За тое, каб яны выконвалі любыя загады. Напрыклад, забясьпечылі неабходны вынік на выбарах. Афіцыйны даход чыноўніка зьяўляецца толькі малой часткай яго прыбыткаў».

Пра стасункі з Расеяй і выбары

Калі коратка характарызаваць адносіны з нашым усходнім суседам, то яны, паводле палітоляга, знаходзяцца ў заняпадзе. Паміж Пуціным і Лукашэнкам ёсьць вялікая асабістая непрыязнасьць. Акрамя таго, крамлёўскія кіраўнікі ня хочуць, каб адносіны паміж Лукашэнкам і Эўразьвязам паляпшаліся, таму яны ў далейшым будуць настойваць на будаўніцтве расейскай вайсковай базы на нашай тэрыторыі.

Што да мясцовых выбараў, то, на думку Андрэя Ляховіча, яны будуць цалкам сфальшаваныя. Але пры гэтым, мабыць, прапусьцяць 10-15 загадзя адабраных апазыцыянэраў. На нейкаю лібэралізацыю выбарчых працэдур спадзявацца ня варта.

Па ходзе лекцыі, каб ажывіць дыскусію і ўзбадзёрыць слухачоў, Андрэй праводзіў міні-віктарыны. Адказаўшы на пытаньне, зьвязанае з эканомікай або палітыкай Беларусі, можна было атрымаць салодкі падарунак – цюбік згушчыва.

Завяршылася сустрэча адказамі на пытаньні.

Уладзімер Бяляўскі