Друкаваць гэтую старонку
Нядзеля, 17 Снежань 2017

Пракуратура: Работнікі камітэту па архітэктуры парушылі антыкарупцыйны закон

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Парушэньні заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй у камітэце па архітэктуры і будаўніцтве Віцебскага аблвыканкаму і ў падпарадкаваных яму прадпрыемствах выявіла праверка, праведзеная абласной пракуратурай.

Падчас яе былі выяўленыя выпадкі ўнясеньня работнікамі недакладных зьвестак у дэклярацыі аб даходах і маёмасьці, хібы ў частцы афармленьня абавязацельстваў па выкананьні дзяржаўнымі чыноўнікамі і службовымі асобамі прадпрыемстваў антыкарупцыйных абмежаваньняў.

Акрамя таго, праверка выявіла парушэньні заканадаўства ў сфэры дзяржаўных закупак у частцы парадку іх арганізацыі і правядзеньня. Так, інфармацыя, важная для патэнцыйных пастаўшчыкоў і падрадчыкаў, ня разьмяшчалася на афіцыйным сайце ІС «Тэндэры», а дакумэнты па закупках афармляліся неналежным чынам, паведамляе сайт пракуратуры.

Па выніках гэтай праверкі пракуратура Віцебскай вобласьці ўнесла прадстаўленьне ў Віцебскі аблвыканкам з патрабаваньнем ліквідаваць выяўленыя парушэньні заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй, а таксама прычыны і ўмовы, што спрыялі ім, ды прыцягнуць да адказнасьці вінаватых службовых асобаў.

Сяржук Серабро, vitebsk.cc