Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 31 Кастрычнік 2017

Жыхары Віцебскага раёну скардзяцца ў Генэральную пракуратуру

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Неэфэктыўнае выкарыстаньне грашовых сродкаў, выдзеленых дзяржавай на рэстаўрацыю помнікаў савецкім воінам і ахвярам вайны на тэрыторыі Вымнянскага сельскага савету, вымусіла мясцовых жыхароў зьвярнуцца да Генэральнага пракурора Аляксандра Канюка. Ліст ад імя жыхароў вёсак Астрэйкава, Вымна, Котава, Прывольнае падпісалі 27 грамадзянаў.

Вяскоўцы мяркуюць, што адказныя чыноўнікі фармальна падыходзяць да добраўпарадкаваньня пашпартызаваных вайсковых пахаваньняў, а часьцяком грошы наўпрост раскрадаюцца.

Як пішуць у лісьце вымнянцы, на рэстаўрацыю вайсковага пахаваньня № 4452, што ў вёсцы Котава, у 2014 годзе было выдаткавана больш за 80 мільёнаў рублёў, але праз год спатрэбіўся новы рамонт. А рэч у тым, што папярэдні быў выкананы непрафэсійна, з матэрыялаў нізкай якасьці. Прамінула тры гады, аднак неабходныя работы на гэтым пахаваньні дасюль незавершаныя. Аднак калі б толькі праблема палягала ў якасьці! Да яе дадаецца элемэнтарная абыякавасьць выканаўцаў да захаваньня гістарычнай праўды: нанесеная на стэлу інфармацыя тычыцца толькі часткі пахаваных там вайскоўцаў.

Падобная сытуацыя склалася і на вайсковым пахаваньні № 4451, што ў Вымна. Там прозьвішчы салдатаў і афіцэраў, падпольшчыкаў і партызанаў нанесеныя на розныя прадметы, ад чаго губляецца відовішчнасьць: адны прозьвішчы разьмешчаныя на стэле, другія ля падножжа помніка, а трэція на тонкіх бляхах. Да таго ж некаторыя зь іх дрэнна чытаюцца.

Што тычыцца магілы Анатоля Ўглоўскага, то яна і наогул не адпавядае статусу Героя Савецкага Саюзу. Памылка закралася і ў гады ягонага жыцьця, пазначаныя на помніку.

Як мяркуюць аўтары ліста, сямі тысячаў рублёў, выдзеленых у 2017 годзе на добраўпарадкаваньне 14-ці вайсковых пахаваньняў, разьмешчаных на тэрыторыі сельскага савету, відавочна недастаткова. Паводле заяваў Івана Рымарова, старшыні Вымнянскага сельскага савету, грошы плянуецца выкарыстаць выключна на добраўпарадкаваньне вайсковага пахаваньня № 4458, што ў былой вёсцы Задзебра. Прапанову грамадзкасьці выдаткаваць частку сродкаў на рамонт магілы Анатоля Ўглоўскага і Варвары Арлоўскай зь дзецьмі ён не пачуў і адказаў на яе адмовай. Пасьля чаго ў людзей паўстала пытаньне: а ці ня мае намер мясцовае кіраўніцтва «пагрэць рукі» на гэтым далёкім ад людзкога вока пахаваньні?

Разумеючы, што ўсе вайсковыя мэмарыялы мусяць знаходзіцца ў годным стане, вымнянцы тым ня менш зьвяртаюць увагу на тыя пахаваньні, якія працуюць на імідж краіны і да якіх прыяжджаюць людзі з рэспублік былога Савецкага Саюзу. Таму лягічным было б найперш выдаткоўваць грошы на добраўпарадкаваньне мэмарыялаў у населеных пунктах, і найперш у Вымна як цэнтры сельскага савету. Чыноўнікі, аднак, думаюць інакш.

Пры канцы свайго доўгага ліста грамадзяне выказваюць просьбу арганізаваць праверку выкананьня мясцовымі кіраўнікамі ўказу № 109 «Пра ўшанаваньне памяці аб загінулых пры абароне Айчыны і захаваньні памяці пра ахвяраў войнаў» на тэрыторыі Вымнянскага сельскага савету.

Перш чым напісаць ліст, грамадзяне скардзіліся ў Віцебскі райвыканкам, але гэта не дало ніякага станоўчага плёну, таму і было прынятае рашэньне зьвярнуцца да Генэральнага пракурора.

С. Горкі