Друкаваць гэтую старонку
Субота, 23 Верасень 2017

Сьледчыя Полацку: Дырэктар прадпрыемства ЖКГ браў хабары і краў паліва

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У Полацку завершанае расьсьледаваньне справы ў дачыненьні да дырэктара аднаго з прадпрыемстваў ЖКГ Полацкага раёну, паведаміла афіцыйная прадстаўніца ўпраўленьня Сьледчага камітэту па Віцебскай вобласьці Сьвятлана Сахарава.

Дырэктар аднаго з прадпрыемстваў жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Полацкага раёну на працягу трох гадоў заключаў са знаёмым індывідуальным прадпрымальнікам дамовы падраду сэрвіснага абслугоўваньня станцыяў абезьзялезваньня вады, разьмешчаных у вёсках Кушлікі, Жарнасекі і Гомель Полацкага раёну. Пасьля выкананьня работ кіраўнік даваў указаньні падначаленым работнікам бухгальтэрыі аплаціць па-за чаргой гэтыя работы. За пазачарговую аплату з мэтай асабістага ўзбагачэньня дырэктар атрымліваў ад ІП на разьліковы банкаўскі рахунак у якасьці хабару грошы. Сьледзтвам выяўлена 26 фактаў атрыманьня хабараў за пэрыяд з траўня 2013 году па травень 2016-га на агульную суму больш за 2,6 тысячы рублёў.

Акрамя таго, у кастрычніку-лістападзе 2016 году, злоўжываючы сваімі службовымі паўнамоцтвамі, кіраўнік даваў незаконныя ўказаньні падначаленым работнікам запраўляць дызэльным палівам з выкарыстаньнем электронных картаў ягоны асабісты аўтамабіль Toyota Land Cruiser Prado, аўтамабіль яго сына КIA Carnival, а таксама машыну знаёмага Nissan Qashqai. Таксама ў пэрыяд з кастрычніка па сьнежань з дапамогай электроннай карты, якая знаходзіцца ў яго службовым карыстаньні, дырэктар ствараў лішкі паліва за кошт няўлічанай эканоміі ў паліўным баку аўтамабіля і ўносіў непраўдзівыя зьвесткі ў дарожныя аркушы на службовым аўтамабілі. Такім чынам, ён выкраў больш за 180 літраў дызэльнага паліва і 80 літраў бэнзіну на агульную суму больш за 310 рублёў.

Абвінавачваньне службовай асобе прад'яўленае паводле ч. 2 арт. 430 КК (атрыманьне хабару, паўторна) і ч. 1 арт. 210 КК (крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі). Да абвінавачанага ўжытая мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту. З улікам поўнага пакрыцьця прычыненай маёмаснай шкоды ЖКГ Полацкага раёну, а таксама незаконна атрыманага даходу, прызнаньня абвінавачаным сваёй віны і раскаяньня ва ўчынку ў дачыненьні да фігуранта крымінальнай справы сьледзтвам вынесеная пастанова аб зьмене ўжываньня меры стрыманьня на залог.

У ходзе сьледзтва накладзены арышт на маёмасьць абвінавачанага на агульную суму больш за 144 тысячы рублёў. Да матэрыялаў крымінальнай справы далучаныя бухгальтарскія дакумэнты і рэчавыя доказы, якія пацьвярджаюць супрацьпраўную дзейнасьць службовай асобы.

Папярэдняе сьледзтва па гэтай крымінальнай справе завершанае. Матэрыялы перададзеныя пракурору для накіраваньня ў суд.

belta.by